Чым небяспечныя і шкодныя для экалогіі і чалавека вясновыя палы травы
Калі вы заўважылі ўзгаранне, выклікайце МНС (101 або 112) / Euroradio
Ранняя вясна ў Беларусі адкрыла сезон спальвання сухой травы і лістоты. Нягледзячы на забароны, людзі працягваюць ладзіць палы, ствараючы сур'ёзную пагрозу экасістэме і правакаючы маштабныя пажары. “Зялёны тэлефон” дае некалькі карысных рэкамендацый і парад, як не нашкодзіць прыродзе і чалавеку.
Якую шкоду экасістэме наносяць палы
Выжыганне травы парушае натуральныя працэсы аднаўлення глебы, бо старая трава — гэта прыроднае ўгнаенне. Агонь знішчае мікраарганізмы, карысныя для глебы, зніжаючы яе ўрадлівасць. У вогнішчы гінуць не толькі шкоднікі, але і насякомыя-апыляльнікі, дажджавыя чарвякі.
Невялікі агонь можа лёгка выйсці з-пад кантролю, а парыў ветру ператварае яго ў стыхійнае бедства, якое пагражае дамам і людзям.
Дым ад палоў шкодны для здароўя чалавека. Ён утрымлівае прадукты гарэння хімікатаў, угнаенняў, цяжкіх металаў. Асабліва небяспечны для людзей з алергіяй і захворваннямі дыхальных пуцей.
Бяспечная альтэрнатыва
Лепшай заменай палу з'яўляецца кампаставанне. Кампостная яма або куча можа ўключаць харчовыя рэшткі, скошаную траву, лісце, апілкі і нават паперу.
Калі вы заўважылі ўзгаранне, выклікайце МНС (101 або 112). Маленькі ачаг можна патушыць самастойна пяском, вадой або галінамі лісцевых дрэў.