Чылійскую суддзю вінавацяць у атрыманні хабару ад беларускай "дачкі" БелАЗа
БелАЗы, ілюстрацыйнае фота
Былую чылійскую суддзю Ангелу Віванка і яе партнёра вінавацяць у атрыманні не менш за 57 мільёнаў чылійскіх песа ад беларускага кансорцыуму Belaz-Movitec (CBM). Гэтыя грошы, паводле звестак пракуратуры, суддзя атрымала за рашэнне на карысць CBM у судзе з чылійскім медным гігантам Codelco, піша выданне CIPER.
Пракуратура падала ў суд ордар на 148 старонках. У ім гаворыцца, што першы плацеж (14 тысяч долараў ЗША) быў 18 снежня 2023 года. Перад тым Віванка пастанавіла, што Codelco павінен перавесці на рахунак CBM больш за 4 мільярды песа як кампенсацыю за спыненне і вываз тэхнікі.
Яшчэ 45 мільёнаў чылійскіх песа, на думку пракуратуры, былі атрыманыя ў чэрвені 2024 года. Тады Віванка пастанавіла, што медны гігант павінен дадаткова выплаціць 1,026 мільярда песа за пераразлік і ПДВ, звязаныя з дэмантажом абсталявання.
У ордары пракуратуры сцвярджаецца, што Віванка з яе партнёрам і адвакаты CBM Марыа Варгас і Эдуарда Лагас неаднаразова сустракаліся ў доме суддзі.
Таксама пракуратура сцвярджае, быццам пасля атрымання грошай суддзя Віванка і яе муж Мігелес ездзілі на адпачынак у Аргенціну і Бразілію, дзе трацілі буйныя сумы ў доларах па крэдытных картках.