Чэргі грузавікоў на мяжы з Літвой скарачаюцца: іх ужо 330

Чэргі грузавікоў на беларуска-літоўскай мяжы працягваюць скарачацца: позна ўвечары 7 сакавіка паведамлялася пра 840 фураў, якія чакалі выезду з Беларусі, роўна праз суткі іх было 530, а на восьмую раніцы серады іх застаецца 330 на ўсіх чатырох пераходах разам.
Найбольшая чарга ў “Беняконях”: там стаіць 140 грузавікоў на выездзе і 10 фураў на ўезд у Беларусь. У “Каменным Логу” 130 грузавікоў на выездзе, чаргі на ўезд няма. У “Прывалцы” — 40 грузавікоў на выездзе, чаргі на ўезд няма. У “Катлоўцы” на выездзе чакае 20 фураў, на ўездзе машын няма.
Утварэнне чэргаў ва ўсіх чатырох пунктах пропуску на беларуска-літоўскай мяжы ў Дзяржаўным памежным камітэце патлумачылі рэзкім павелічэннем патоку грузавога транспарту з Расіі.
Пры гэтым 8 сакавіка, у апошні дзень трохдзённых выходных у Беларусі, не было вялікіх чэргаў легкавога транспарту, які вяртаўся з Літвы. Чэргі на выезд з краіны ў літоўскім кірунку былі 5-6 сакавіка.
Крыху напружаная сітуацыя была ў гэтыя выходныя і на беларуска-польскай мяжы, чэргі назіраліся таксама на латвійскім кірунку. На дадзены момант па мяжы з Польшчай чэргаў няма, а на абодвух беларуска-латвійскіх пераходах на ўезд у Беларусь стаяць агулам 60 фураў.