“Чарга ў трыста чалавек”. Беларусы тыдзень былі ў пустыні Невада і пяклі дранікі
Беларусы на Burning Man / Euroradio
Беларусы прывезлі ў амерыканскую пустыню Невада баню і некалькі тон бульбы, каб напекчы дранікаў. Так выглядаў беларускі кэмп на фестывалі “Бёрнінг мэн”. Яго штогод ладзяць у экстрэмальных умовах пустыні. І на гэты час там паўстае горад, які цалкам знікае з апошнім днём фэсту.
Беларусы на фестываль ездзілі і раней, але ўласна беларускі кэмп там з’явіўся ўпершыню. Сярод тых, хто ладзіў яго, быў бізнесмен і выдавец, былы палітзняволены Аляксандр Васілевіч.
Каб пагаварыць з Аляксандрам пра “Бёрнінг Мэн”, праз розніцу ў часе даводзіцца падняцца а пятай ранку. Але гэта не моцнае выпрабаванне, калі параўнаць яго з тымі, праз якія праходзяць удзельнікі фестывалю. У пустыні, дзе ён праходзіць, тэмпература вагаецца паміж нулём і “плюс сорак”.
У першы дзень, кажа Аляксандр, наляцела пясчаная бура, потым пайшоў дождж, і зямля пад нагамі стала бруднай глінай. Крамаў там няма, разлічваць можна толькі на тое, што ўзяў з сабой. Ну і да таго ж, каб патрапіць у гэтыя ўмовы, за самы просты квіток трэба заплаціць некалькі сотняў долараў.
Фестываль заканчваецца ўрачыстым спаленнем чалавечай фігуры. Потым удзельнікі прыводзяць пустыню ў той від, які яна мела да фестывалю — карацей, прыбіраюць за сабой. І калі гэта ўсё было зроблена, мы спыталі ў Васілевіча, ці варта яно таго было.
“Лазню ў пустыню даставілі самалётам з Варшавы”
— Дык ці варта?
— Вядома, варта. Я даўно хацеў туды патрапіць, але кожны раз нешта не атрымлівалася. І, нарэшце, склалася. Усё аказалася не так страшна, як распавядалі: дажджы, сэндсторм, тэмпература — усё гэта можна вытрымаць.
На “Бёрнінг мэне” ты патрапляеш у вельмі прыязную атмасферу, бачыш шмат клёвых людзей навокал, шмат цікавага арту, выканаўцаў — і вельмі прыгожыя мясціны. Сама пустыня надзвычай прыгожая. Світанкі і захады ў ёй выглядаюць вельмі ўражліва.
Я хацеў пабачыць месца, дзе людзі займаюцца самавыяўленнем, паказваюць сябе такімі, якімі хочуць сябе бачыць, альбо кім з’яўляюцца насамрэч. У шмат якіх грамадстваў гэта рэдкая з’ява, а там гэта атрымоўваецца. Кожны робіць тое, што хоча.
Хтосьці хоча хадзіць голым — окей. Хтосьці хоча танчыць — окей. У пустыні месца хапае ўсім. Але ўсе разумеюць, што трэба быць адэкватнымі: ніхто не пакідае смецце, людзі вельмі асцярожна ставяцца да прыроды, адносяцца з павагай да іншых — гэта прынцыпы фестывалю.
Калі не падабаецца, што робіць іншы — ідзеш міма. Падабаецца — пачынаеш размаўляць. І людзі ставяцца адзін да аднаго вельмі адкрыта: абдымкі, усмешкі.
Звычайныя прынцыпы суіснавання, якія добра было б распаўсюдзіць на ўсё грамадства. Асабліва калі ўлічваць тое, што беларусы не славяцца камунікацыйнымі навыкамі.
Ідзеш па пустыні і знаходзіш французскую кавярню
— Як выглядаў беларускі кэмп на фоне ўсяго гэтага самавыяўлення?
— Наш кэмп добра пазнаваўся, людзі спыняліся. Ён выглядаў незвычайна нават па мерках “Бёрна”. Шэраг кэмпаў выглядае проста як трэйлер-парк, а наш быў упрыгожаны выцінаначнымі прынтамі.
У нас было некалькі актыўнасцяў. Нашыя ўдзельнікі перарабілі шыкоўны школьны аўтобус, у якім пяклі дранікі. А з Варшавы зрабілі і самалётам даставілі ў пустыню лазню. І людзі, якія траплялі ў тую лазню, выходзілі іншымі, гэты экспірыенс прыводзіў іх у стан узрушання.
Агулам ахвотных было больш, чым мы маглі прыняць, таму складалі waiting list. А ўвечары ў нас была гарбата ў лаунж-зоне пасярод кэмпа. І гэта галоўны вынік: мы зрабілі нешта, што людзям вельмі пасавала.
— Бульбу на дранікі пацерлі загадзя ці рабілі на месцы?
— Бульбу даставілі цэлую, але церлі хутка. Дарэчы, шмат гасцёў дапамагалі, смажылі дранікі разам. І па дранікі стаялі чэргі. Апошнім разам мы налічылі ў чарзе пад трыста чалавек. Рэцэпт час ад часу карэктаваўся, бо стваралі іх розныя людзі, стандарта, як у Макдональдсе, не было. Але я спрабаваў некалькі разоў — дранікі былі цудоўнымі.
Свой аналаг дранікаў жа існуе ў розных краінах. У Штатах ёсць хашбраун, у Германіі, у Францыі — свае бульбяныя аладкі. Таму гэта не тое, што кагосьці з замежнікаў можа спужаць. Наадварот, гэта нешта знаёмае, але зробленае ў беларускай традыцыі.
На мой погляд, атрымалася цудоўнае беларускае “эмбэсі”.
— А самі вы ў якіх кэмпах запісваліся ў лісты чакання?
— Я глядзеў арт і больш цягаўся па музычных пляцоўках, чым па кэмпах.
Мне моцна спадабалася адна французская кавярня, якую мы знайшлі выпадкова на ўскрайку. Побач была двухпавярховая бібліятэка (так, у пустыні), з якой грала музыка Макса Рыхтэра. Мы з жонкай пайшлі на музыку, якую вельмі любім, і потым знайшлі гэтую кавярню.
Афіцыянты намагаліся размаўляць па-французску, разлівалі каву з фрэнч-прэсаў, частавалі круасанамі, налівалі шампанскае. Гэта было настолькі нечакана для пустыні, што людзі стаялі ў чарзе па тую каву.
Але больш за ўсё я любіў ездзіць на світанкі і на захады, як па мне, гэта самы прыгожы час у пустыні.
— А якая размова, што вялі ў пустыні, вам запомнілася больш за ўсё?
— Калі вы адчыненыя да новага — гэта лепшае месца, каб паразмаўляць з самымі рознымі людзьмі, і яны паставяцца да гэтага прыязна. Часам мы хвалюемся праз тое, што нашая цікаўнасць да іншых будзе ўспрынята негатыўна, а там такога няма. І таму людзі едуць туды — не за тым, каб паказаць сваё напрацаванае ў спортзале цела ці паказаць касцюм, а каб пакамунікаваць з людзьмі.
І “Мару” мы таксама ўспрымалі менавіта як месца прыцягнення беларусаў, якія зараз жывуць у розных краінах. Я б параіў усім з’ездзіць, паглядзець, паспрабаваць і зрабіць высновы, цікавы вам такі фармат ці не.
Некаму будзе цікава глядзець на світанкі, некаму — танчыць усю ноч, некаму — глядзець на арты, асабліва ўначы, калі ўсё зіхаціць. А нехта нічога не знойдзе і падумае — навошта мне было пакутваць у гэтым месцы з шэрагам абмежаванняў і ўдалечы ад цывілізацыі? І гэта таксама нармальна.