Чамаданава забараніла беларусам абмяркоўваць інфармацыю нават на кухні

Вольга Чамаданава

Вольга Чамаданава / t.me/cikbelarus/

Беларусы не павінны давяраць інфармацыі з сацсетак і не абмяркоўваць яе нават на кухнях. Пра гэта заявіла старшыня палітычнай партыі "Белая Русь" Вольга Чамаданава.

На яе думку, жыхары Беларусі павінныя чытаць толькі дзяржкрыніцы, перадае дзяржаўнае інфармагенцтва "Мінск-Навіны".

"Любая інфармацыя, якую вы атрымліваеце з TikTok і іншых сацсетак, можа апынуцца недакладнай. У выпадку надзвычайнага здарэння трэба давяраць толькі тым органам, якія непасрэдна гэтым займаюцца. Міністэрства абароны і Следчы камітэт — гэта структуры, якія выязджаюць на месца здарэння і даюць каментары, магчымыя зыходзячы з становішча", — заявіла Чамаданава.

Таксама яна параіла беларусам не загружаць галаву "тым, пра што вы дакладна не ведаеце", і заявіла, што цяпер ідзе інфармацыйная вайна. У сувязі з гэтым яна згадала 2020 год:

"Мы стараемся як мага менш згадваць 2020 год, але ўсё адно вяртаемся да гэтага досведу. У нас любяць на кухні збірацца і абмяркоўваць усё, што хтосьці прачытаў. Гэта катэгарычна нельга рабіць, калі вы прачыталі звесткі не ў афіцыйнай крыніцы".

Раней Вольга Чамаданава была кіраўніцай прэс-службы МУС, потым узначальвала ўпраўленне ідэалагічнай работы Мінгарвыканкама. У 2024-м яна выставіла сваю кандыдатуру на прэзідэнцкія выбары, але хутка зняла яе. У чэрвені 2025-га Чамаданаву паставілі кіраваць партыяй "Белая Русь" — партыяй улады.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.