"Чалавек можа проста знікнуць": як у Беларусі "лечаць" нязручных людзей
Кадр з фільма "Палёт над гняздом зязюлі" / Screenshot
У беларускіх псіхіятрычных лякарнях пацыентаў могуць збіваць, прымушаць да працы і цалкам ізаляваць ад знешняга свету. Пра гэта праваабаронцам распавяла Дана (імя зменена), якая правяла амаль месяц у адной з абласных устаноў. Паводле яе слоў, сістэма прымусовага лячэння ў Беларусі мала чым адрозніваецца ад зняволення.
— Само ўтрыманне — гэта як турма. Калі чалавек адмаўляецца глытаць лекі, яму робяць укол або прымушаюць сілай. Калі пачынае абурацца — могуць збіць, і гэта адбываецца з маўклівай згоды лекараў, — распавядае дзяўчына.
Са слоў экс-пацыенткі, падчас утрымання ў яе не было ніякай сувязі з вонкавым светам: забіралі тэлефон, дакументы, не дазвалялі паведаміць сваякам, дзе яна знаходзіцца.
— Чалавек можа проста знікнуць — і ўсё, — кажа яна.
Паводле звестак праваабарончага цэнтра "Вясна", да прымусовага лячэння ў псіхіятрычным стацыянары праз палітычныя матывы накіраваныя не менш за 37 чалавек.