Былога кіраўніка выдавецтва Беларускага Экзархата падазраюць у крадзяжах
Распачатая крымінальная справа.
Генеральная пракуратура Беларусі распачала крымінальную справу ў адносінах былога кіраўніка выдавецтва Беларускага Экзархата. Высветлілася, што 55-гадовы мужчына злоўжываў службовымі паўнамоцтвамі. Ён арганізаваў крадзеж грошай выдавецтва, якое з'яўляецца структурным падраздзяленнем Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Як паведамляе прэс-служба мінскай міліцыі, былы кіраўнік незаконна забіраў грошы з касы, загадваў падначаленым знішчаць дакументы ўліку таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў і грашовых сродкаў. За скрадзеныя грошы зламыснік купляў за мяжой грузавыя і легкавыя аўтамабілі, якія афармляў ці не сябе, ці на сваіх сваякоў.
Праваахоўнікі высветлілі, што ад 2005 да 2014 года былі купленыя 14 адзінак тэхнікі на агульную суму больш за 150 тысяч долараў.
Адзначаецца, што прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы аказваюць садзейнічанне ў расследаванні крымінальнай справы.
Фота: AFP