Былі "перагібы" з боку сілавікоў у 2020-м, але Лукашэнка загадаў не чапаць — Тур
Разгон акцыі пратэсту ў 2020-м / TUT.by
У 2020 годзе з боку сілавікоў былі "выпадкі перагібаў" у дачыненні да пратэстоўцаў. Пра гэта заявіў прапагандыст Ігар Тур у эфіры тэлеканала АНТ.
"Нават так: у мяне ёсць падставы лічыць, што так, былі. Як гаварылася ў адным расійскім серыяле: "Гвалт — гэта не карамелькі на вагу, роўна не адсыплеш". І ў мяне сапраўды гэтак жа ёсць падставы лічыць, што сістэма з гэтымі выпадкамі прадметна разбіралася, а іх было вельмі няшмат", — сказаў Тур пра выпадкі гвалту з боку сілавікоў.
Між тым дагэтуль невядома ні пра адну крымінальную справу, пачатую супраць сілавікоў за гвалт у 2020-м. Затое пастаянна пачынаюцца новыя справы супраць удзельнікаў пратэстаў..
Між іншага, прапагандыст абвінаваціў пратэстоўцаў у тым, што яны самі вінаватыя ў агрэсіі сілавікоў. Паводле яго, сілавікі былі на эмоцыях, бо іх дзяцей і жонак "месяцамі да той бойкі цкавалі".
Між тым усе ініцыятывы кшталту "Чорнай кнігі Беларусі" і злівы даных сілавікоў пачаліся толькі пасля таго, як з Акрэсціна сталі выходзіць збітыя людзі, якія расказалі пра катаванні.
Тур у сваім выступе прызнаў, што "перагіб" з ужываннем фізічнай сілы супраць грамадзянскага насельніцтва — гэта парушэнне закона. Але ён згадаў, як Лукашэнка ў верасні 2020-га праінструктаваў пракурораў — "часам не да законаў". У той момант, паводле Тура, праводзіць праверку дзейнасці сілавікоў было нельга, бо яны ўспрынялі б гэта як здраду.
У жніўні 2021-га Следчы камітэт завяршыў праверку па зваротах грамадзян, якія скардзіліся на жорсткія дзеянні сілавікоў падчас затрымання на мірных акцыях і ў месцах пазбаўлення волі — у ІЧУ і ЦІП ГУУС Мінгарвыканкама ў жніўні 2020 года. У Следчым камітэце не знайшлі пацвярджэння тым фактам, пра якія гаварылі пацярпелыя. Таму пачынаць крымінальную справу адмовіліся. Усе скаргі на дзеянні міліцыянтаў былі праігнараваныя.