"Быццам Беларусь — частка Расіі". У што ператвараюць урокі гісторыі ў школах

"Быццам Беларусь — частка Расіі". У што ператвараюць урокі гісторыі ў школах / nastgaz.by
У мінулым навучальным годзе ў школьнікаў 10-11 класа з'явіўся новы прадмет — "Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі" — ён прыйшоў на змену "Гісторыі Беларусі".
Абітурыенты 2026 года на ЦТ ужо будуць здаваць "новую" гісторыю, хоць другой часткі падручніка за 11 клас яшчэ нават не апублікавалі.
Што гэта за прадмет і чаму вакол яго так шмат размоў? Еўрарадыё паспрабавала разабрацца, пагартаўшы падручнік і пагаварыўшы з настаўнікам.
"Мы нават не разумеем, чаго чакаць ад новых ЦТшак"
З "Гісторыяй Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі" ёсць як мінімум некалькі нюансаў.
Настаўнік гісторыі Сяргей паказвае на такую праблему: другой часткі падручніка, які ахоплівае найноўшую гісторыю з Другой сусветнай вайны і па цяперашні час, пакуль папросту няма.
— Гэта вельмі вялікі перыяд, як у СССР, так і ва ўсім астатнім свеце. Таму дзіўна, што аўтары яго трымаюць у сакрэце.
Другі важны момант, па словах Сяргея, — складанасці з дадатковымі дапаможнікамі.
— Раней былі апорныя канспекты Шаровай, па якіх усё вельмі лёгка і зразумела вучылася. Па новым прадмеце яны таксама з'явіліся, але вельмі позна.
Да таго ж няма зборніка тэстаў — а гэта важная праблема. Некаторыя ўжо здавалі ЦТ і ЦЭ сёлета па новым прадмеце, але зборнік тэстаў у продаж так і не паступіў. Гэта значыць няма практыкі, і мы нават не разумеем, чаго чакаць ад новых ЦТшак.
"Даводзіцца ўчытвацца"
Сяргей распавядае, што новы прадмет стаў больш цяжкім для ўспрымання: аўтары змянілі структуру апавядання і напісалі падручнік складанай акадэмічнай мовай.
— Калі раней інфармацыю падавалі простай мовай, а фармулёўкі былі зразумелыя школьнікам, то цяпер нават мне, як настаўніку, даводзіцца ўчытвацца і ўнікаць, таму што напісана складана.

А вось рэлігійнае пытанне пададзенае з праваслаўным перакосам, у падручніку ёсць нават цэлы падпункт пра стан праваслаўя ў перыяд ВКЛ.
Аўтары пішуць, што менавіта праваслаўная царква была кансалідуючым элементам беларусаў тых часоў. А прысутнасць на тэрыторыі Беларусі каталіцтва і пратэстантызму "адмоўна паўплывала на фармаванне этнічнай эліты".

Перыяд у гісторыі пасля падзелаў Рэчы Паспалітай аўтары не крытыкуюць. Калі любы польскі ўплыў выразна прапісваецца, як "паланізацыя", то развіццё рускай мовы і ўкараненне рускіх законаў — гэта "папулярызацыя і актыўнае ўключэнне".

Пра паўстанні на тэрыторыі Беларусі ў 19 стагоддзі сказана няшмат і ў асноўным у нейтральна-негатыўным ключы. Асноўныя тэзісы: паўстанні здзяйснялі палякі, якія хацелі аднавіць Рэч Паспалітую, звычайны народ іх не падтрымаў, і нічога агульнага з набыццём беларускай дзяржаўнасці яны не мелі.
Кастусь Каліноўскі згадваецца толькі аднойчы, а грамадствы "філаматаў" і "філарэтаў" наогул названыя радыкальнымі.

Гісторыя ўтварэння БНР у 1918 годзе таксама падаецца суха. Пра тое, што гэта была першая спроба стварыць беларускае дзяржаўнае утварэнне, складальнікі падручніка згадаць забыліся.
Перыяд з 1921 па 1939 год, калі Беларусь была падзелена паміж Польшчай і СССР, выразней за ўсё паказвае, наколькі перакошана ў падручніку падаецца інфармацыя.
Сяргей таксама на гэта звяртае ўвагу.
— Я дзецям так і кажу, калі бачыце 1921-1939 гады і Польшчу — выбірайце варыянт у якім мы памерлі.

Аўтары распавядаюць і аб канцэнтрацыйным лагеры "Бяроза-Картузская", у якім загінулі каля 10 тысяч беларусаў.
А што ў гэтыя гады рабілася ў БССР — не сказана ні слова. Ні пра сотні тысяч рэпрэсаваных беларусаў, ні пра сталінскія рэпрэсіі — нічога няма.

Нагадаем, з 2024/2025 навучальнага года са школьнай праграмы зніклі прадметы "Гісторыя Беларусі" і "Сусветная гісторыя". Замест іх у 10-11 класаў з'явіўся новы інтэграваны курс — "Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі". З новага навучальнага года гэты прадмет можна будзе вывучаць у старэйшых класах на павышаным узроўні.
Прадмет будзе складацца з двух частак, як для 10-га, так і для 11-га класа. Хоць навучальны год ужо наступіў, другой часткі для выпускнікоў да гэтага часу не апублікавалі — вядома, што ў ёй будуць адлюстраваныя падзеі 2020 года і лёгка прадбачыць, што ў іх будзе напісана.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.