Бясплатная вакцынацыя ад віруса папіломы чалавека ў Беларусі адкладаецца

Вакцина от рака шейки матки

Што не так з закупкай вакцыны? / unsplash.com

Беларускія ўлады плануюць закупіць 60 000 доз вакцыны ад віруса папіломы чалавека, хоць для поўнага курса на год неабходна каля 150 000 доз, пішуць “Белыя халаты”. Яны прааналізавалі сайт дзяржаўных закупак і выявілі там анамаліі.

Паводле слоў юрысткі і спецыялісткі па закупках Вольгі Працкевіч, першапачаткова планавалася правесці адкрыты электронны аўкцыён для закупкі вакцыны. Але 30 снежня 2024 года ён быў прызнаны несапраўдным.

Пасля гэтага закупку правялі ў аднаго пастаўшчыка — індыйскай кампаніі M Biotech Private Limited. Пры гэтым закупляецца кітайская вакцына Walrinvax.

Працкевіч адзначае, што такі падыход менш празрысты, чым адкрытыя таргі. Пытанні выклікае і тое, чаму вакцыну не закупілі наўпрост у кітайскага вытворцы, улічваючы цесныя адносіны Беларусі з Кітаем. Гэта, на яе думку, можа сведчыць або пра абыход санкцый, або пра жаданне схаваць структуру здзелкі.

Закупка прадугледжвае крыху больш за 60 тысяч доз вакцыны. Гэта недастаткова, падкрэсліваюць “Белыя халаты”.

Паводле афіцыйных звестак, штогод у краіне вакцынацыі маюць патрэбу каля 50 тысяч дзяўчынак ва ўзросце 11 гадоў, а поўны курс патрабуе 2–3 дозы. Гэта значыць, штогод трэба закупляць да 150 тысяч доз.

Цяперашняя партыя пакрые не больш за палову патрэбы. Дадатковыя закупкі пакуль не анансаваныя.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.