Брытанскія навукоўцы назвалі раніцу самым пазітыўным часам дня

Добрай раніцы

Добрай раніцы / unsplash.com

Навукоўцы правялі маштабнае даследаванне з удзелам 50 тысяч дарослых жыхароў Вялікабрытаніі, каб ацаніць сувязь паміж настроем і цягам сутак.

На працягу двух гадоў удзельнікі эксперыменту рэгулярна адказвалі на пытанні пра свой эмацыйны стан.

Людзі ацэньвалі сваё шчасце, жыццёвую задаволенасць, узровень трывогі, дэпрэсіі, пачуцця адзіноты па 10-бальнай шкале. У выніку аналізу стала зразумела, што раніцай настрой у людзей найбольш пазітыўны, а бліжэй да ночы ён становіцца горшым.

Са слоў навукоўцаў, на гэта ўплываюць гармоны: узровень картызолу, які дапамагае арганізму спраўляцца са стрэсам, павялічваецца пасля абуджэння, але зніжаецца бліжэй да вечара.

А ці ёсць сувязь паміж нашым настроем і днямі тыдня?

Зыходзячы з вынікаў згаданага даследавання, у панядзелак і пятніцу большасць людзей адчуваюць сябе найбольш пазітыўна, у аўторак — настрой нармальны, а вось нядзелю многія называюць самым дэпрэсіўным днём тыдня.

На настрой таксама ўплывае сэзон. Улетку людзі радзей адчуваюць трывогу і дэпрэсію, а задаволенасць жыццём дасягае свайго піка. Зімой сітуацыя іншая: колькасць тых, хто адчувае адзіноту і стрэс, павялічваецца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.