Больш за 3000 мігрантаў нелегальна трапілі ў Германію "беларускім шляхам"
Мігранты на беларускай мяжы / БЕЛТА
За шэсць месяцаў 2024 года ў Германію прыбылі 3117 чалавек, якія спярша прыехалі ў Беларусь, а потым нелегальна перабраліся ў Еўрасаюз. Такую інфармацыю паведаміў федэральны ўрад у адказ на запыт фракцыі ультраправай партыі AfD, перадае DW.
Паведамляецца, што часцей за ўсё "беларускім шляхам" у Германію дабіраліся грамадзяне Афганістана (1140 зарэгістраваных выпадкаў), Сірыі (725 выпадкаў) і Самалі (243 выпадкі).
Дарэчы, за ўвесь 2023 год, як сцвярджае Федэральная паліцыя Германіі, праз Беларусь у краіну нелегальна прыбыла больш за 12 тысяч чалавек.
Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі з краінамі ЕС цягнецца з 2021 года. Заходнія палітыкі назвалі яго адным з метадаў гібрыднай вайны і ўсклалі віну на рэжым Лукашэнкі.