Больш за 30 чалавек пакінулі ўрад Брытаніі праз недавер да прэм'ера
Борыс Джонсан / Reuters
6 ліпеня ўрад Вялікабрытаніі пакінулі 34 чалавекі. Гэта кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў, а таксама парламенскія сакратары — дэпутаты, якія бяруць удзел у працы ўрада не лічачыся яго членамі. Прычына — страта даверу да прэм'ер-міністра краіны Борыса Джонсана.
Першымі свае паўнамоцтвы склалі міністр аховы здароўя Саджыд Джавід і канцлер казначэйства Рышы Сунак — гэта здарылася ўвечары 5 ліпеня. Жэст абодвух быў звязаны з прызначэннем Джонсанам на ўрадавую пасаду члена парламента Крыса Пінчара, абвінавачанага ў сексуальных дамагальніцтвах.
Па дадзеных BBC News, 6 ліпеня некалькі высокапастаўленых членаў урада павінны былі сустрэцца з Джонсанам і прасіць яго сысці ў адстаўку. Але прэм'ер-міністр заявіў, што не збіраецца пакідаць пасаду.
Галавасанне аб недаверу да Борыса Джонсана як да лідара Кансерватыўнай партыі і, як следства, прэм'ер-міністра дэпутаты парламента правялі яшчэ ў чэрвені. Тады нагодай стала правядзенне членамі ўрада вечарынак у разгар антыкавідных абмежаванняў. З невялікай перавагай, але прыхільнікі Джонсана перамаглі.
Па словах Саджыда Джавіда, справа не ў тым, як Джонсан спраўляецца з рэкордным ростам коштаў, брэксітам, энергетычным і іншымі крызісамі, якія скалынаюць Вялікабрытанію. А справа ў самім Джонсане.
"Грамадства чакае ад усіх нас — ад усіх нас — сумленнасці і прынцыповасці ва ўсім. Гэта не абстрактнае пытанне. [...] Эфектыўная дзейнасць урада патрабуе лаяльнасці і калектыўнай адказнасці, вядома, а я інстынктыўна камандны гулец і ў апошні год я цалкам засяродзіўся на эфектыўным кіраванні.Аднак у апошнія месяцы ўтрымацца на канаце паміж лаяльнасцю і прынцыповасцю стала немагчыма. Спадар спікер, я ніколі не стану рызыкаваць сваёй прынцыповасцю, — цытуе BBC прамову Джавіда, сказаную ў парламенце. — Я веру, што каманда раўняецца па капітану. Падзеі апошніх месяцаў зрабілі працу ў гэтай камандзе практычна немагчымай”.
Па правілах Кансерватыўнай партыі, наступнае галасаванне можа прайсці не раней чым праз год. Але супернікі Джонсана пагражаюць адмяніць гэтае правіла.