Блогера Філіповіча пасля 14 сутак арышту прывезлі ў суд і далі яшчэ 15 сутак

Блогера Філіповіча пасля 14 сутак арышту прывезлі ў суд і далі яшчэ 15 сутак

У Гомелі вядомага з часоў акцый пратэсту "дармаедаў" відэаблогера Максіма Філіповіча пасля адбыцця 14 сутак арышту з ізалятара часовага ўтрымання прывезлі ў суд і далі яшчэ 15 сутак, інфармуе Радыё Свабода. Папярэдні тэрмін ён адбываў за "дробнае хуліганства", трымаў галадоўку. У краме Філіповіч заступіўся за людзей, якім хаміў адзін з наведнікаў, уключыў стрым і выклікаў міліцыю. Але ў выніку вінаватым аказаўся сам. 12 снежня суд Савецкага раёна аштрафаваў яго за абразу і арыштаваў на 14 сутак. Згаданага наведніка крамы толькі аштрафавалі.

26 снежня Філіповіча зноў прызналі вінаватым у "дробным хуліганстве". 28 лістапада ён здымаў стрым пра пажар на адным з гомельскіх прадпрыемстваў і запатрабаваў, каб супрацоўнік МНС прадставіўся. Але намеснік начальніка абласнога ўпраўлення МНС адмовіўся, і блогер сказаў яму: "Ідзі гуляй, сынок". У пратаколе міліцыі напісана, шіто блогер "адцягваў увагу супрацоўнікаў МНС пры выкананні імі абавязкаў па тушэнні пажару... правакаваў на канфлікт".

Максім Філіповіч сваю віну не прызнаў. Паводле яго слоў, было цёмна і ён адразу не заўважыў, што чалавек, які да яго падыйшоў, быў у форме. Да таго ж яго абурыла, што ратавальнік назваў яго "аленем".

Рашэнне аб чарговым арышце прыняў суддзя Аляксандр Мохараў.

Блогера Філіповіча пасля 14 сутак арышту прывезлі ў суд і далі яшчэ 15 сутак
Фота: svaboda.org