МУС Польшчы не ўводзіў новых патрабаванняў да савецкіх дакументаў грамадзян РБ

Пасведчанне аб нараджэнні часоў СССР / polskieradio.pl
Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы не ўводзіла новыя патрабаванні наконт дакументаў, выдадзеных у часы СССР. Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным адказе ведамства на зварот намесніка кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўніка НАУ Паўла Латушкі.
Раней з'яўлялася інфармацыя, што польскія дзяржаўныя ўстановы адмаўляюцца прымаць без апастылю дакументы, выдадзеныя ў БСССР. Атрымаць жа апастыль для многіх беларусаў, якія пакінулі радзіму з палітычных прычынаў, папросту немагчыма, бо гэта пагражае пазбаўленнем волі.
"У адказ на Ваш ліст № 09-05/510 ад 12 жніўня 2025 г. паведамляю, што ліст Дэпартамента па грамадзянскіх справах Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі ад 28 ліпеня 2025 г. наконт дакументаў грамадзянскага стану, выдадзеных органамі былога Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, не ўводзіў новых патрабаванняў для грамадзян Беларусі", — цытуе прэс-служба АПК афіцыйны адказ за подпісам першай намесніцы міністра Магдалены Рагускай.
12 жніўня Павел Латушка накіраваў зварот у МУС Польшчы з просьбай паўторна разгледзець указанні, згодна з якімі беларусы павінныя замест дакументаў, выдадзеных у часы БССР/СССР, падаваць сучасны дублікат такіх дакументаў з прастаўленым на іх апастылем.
Першая намесніца міністра ўнутраных спраў Польшчы паведаміла, што ліст МУС Польшчы ад 28 ліпеня наконт дакументаў, выдадзеных у часы БССР/СССР, "насіў інфармацыйны характар і не змяняў агульныя, раней дзейныя правілы ацэнкі і аналізу пададзеных замежных дакументаў. У ім змяшчалася інфармацыя, датычная, сярод іншага, дакументаў грамадзянскага стану, выдадзеных органамі былога Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік і Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, з улікам цяперашняй сітуацыі ў Беларусі, устаноўленай Міністэрствам замежных спраў Польшчы. Была прадстаўлена інфармацыя пра дакументы, з якімі могуць сутыкнуцца і якія могуць быць на практыцы прадстаўлены кіраўнікам аддзелаў запісу актаў грамадзянскага стану, а не пра тыя, якія з'яўляюцца адзіна/безумоўна неабходнымі для ажыццяўлення дзеянняў па рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану. У лісце Дэпартамент па грамадзянскіх справах прадставіў інфармацыю пра нагляд за рэгістрацыяй актаў грамадзянскага стану".
Таксама Рагуская паведаміла, што МУС накіравала ваяводам 21 жніўня ліст з дадатковымі тлумачэннямі наконт гэтых нормаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.