Без пітной вады застаюцца жыхары больш як дзясятка ўкраінскіх гарадоў
У выніку расійскай агрэсіі жыхары больш як дзесяці ўкраінскіх гарадоў часткова ці цалкам не маюць доступу да пітной вады, заяўляе ўкраінская амбудсменка Людміла Дзянісава.
У ліку гэтых гарадоў яна называе Марыупаль, Мікалаеў, Харкаў, Ахтырку, Ізюм, Макараў, Гуляйполе, Чарнігаў, Трасцянец і шэраг іншых населеных пунктаў.
Па ацэнцы Дзянісавай, ад недахопу пітной вады пакутуюць мільёны ўкраінцаў. Толькі ў Данецкай вобласці доступу да пітной вады не маюць больш за 200 тысяч чалавек. Прычым на фоне баявых дзеянняў існуе пагроза, што ў бліжэйшыя тыдні Данецкая вобласць можа быць цалкам адключаная ад водазабеспячэння.
Амбудсменка падкрэсліла, што Расія парушае Жэнеўскую Канвенцыю аб абароне грамадзянскага насельніцтва падчас вайны, палпісаную ў 1949 годзе. Згодна з ёй, дзяржава-акупант абавязаная ўсімі наяўнымі сродкамі забяспечваць грамадзянскае насельніцтва ўсімі неабходнымі рэсурсамі, у прыватнасці вадой.