"Белэнерга" і МНС паведамілі, што адбылося на мінскай ЦЭЦ-4

"Белэнерга" і МНС паведамілі, што адбылося на мінскай ЦЭЦ-4

Канцэрн "Белэнерга" і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях патлумачылі прычыну аварыі, якая пакінула без электрычнасці і цяпла некалькі раёнаў Мінска ў ноч на 12 снежня.

Прэс-сакратар "Белэнерга" Аляксандр Малькоў у Фэйсбуку заявіў, што ніякіх выбухаў на ЦЭЦ-4, пра якія пісалі карыстальнікі сацсетак, не было. Успышкі, якія бачылі мінчукі, могуць тлумачыцца кароткімі замыканнямі на высакавольтнай лініі.

"Пры замыканні на лініі (110 кв) адбылося адключэнне часткі высакавольтнага абсталявання (абаронай) на размеркавальнай прыладзе 110 кВ ЦЭЦ-4 і парушэнне электразабеспячэння спажыўцоў", — напісаў Малькоў.

Ён адзначыў, што выязныя брыгады падключылі спажыўцоў да электразабеспячэння па рэзервовых сувязях. У прыватнасці, у Мінску ўсе спажыўцы былі падключаныя да 4.35.

У сваю чаргу, прэс-служба МНС паведаміла, што электраэнергія адключалася ў пяці раёнах сталіцы — Заводскім, Ленінскім, Кастрычніцкім, Маскоўскім і Фрунзенскім, а таксама ў 49 населеных пунктах Мінскага раёна.

"У выніку пагашэння сістэмы шын 110кВ на адкрытай размеркавальнай прыладзе на тэрыторыі філіяла "Мінская ЦЭЦ-4" РУП "Мінскэнерга" ў галоўным корпусе адбылося прыпыненне трох газавых турбагенератараў (усяго 6 турбагенератараў)", — тлумачыцца на сайце МНС.

Па звестках ратавальнікаў, без электрычнасці заставаліся жылы сектар, пяць кацельняў ("Харкаўская", "Масюкоўшчына", "Арлоўская", "Курасоўшчына", "Заходняя"), Дзіцячая інфекцыйная клінічная лякарня, Гарадская гінекалагічная лякарня, Другая гарадская радзільня. Электразабеспячэнне аб'ектаў аховы здароўя ажыццяўлялася ад рэзервовых дызельных генератараў. Таксама без электрычнасці заставалася 21 кацельня ў Мінскім раёне.

Каб аднавіць падачу электрычнасці, былі выкарыстаныя некалькі перасоўных генератараў. У Мінску падачу электрычнасці аднавілі ў 2.45, у МІнскім раёне (часткова) — у 4.34. Па стане на 7.35 без электрычнасці застаюцца два населеныя пункты ў Мінскім раёне.

Прычына аварыі высвятляецца.