Белчыгунка плануе адкрыць новы маршрут з Мінска ў Варшаву

Беларуская чыгунка сумесна з польскімі калегамі плануе ў снежні гэтага года запусціць новы лагістычны маршрут Мінск — Варшава. Праўда, ён будзе ісці не праз Брэст, а праз Гродна.

Як паведамляе сайт Белчыгункі, маршрут цягніка Гродна — Беласток — Малкінія будзе працягнуты да Варшавы. Цягнік будзе адпраўляцца з Гродна ў польскі бок у 7.06 і прыбываць у Беласток у 8.02, у Малкінію — у 9.40, у Варшаву — у 11.29.

Такі графік руху дазволіць арганізаваць зручную перасадку пасажыраў на станцыі Гродна з цягнікоў міжрэгіянальных ліній №№631, 609, 623, 634, якія звязваюць Гродна з Мінскам, Гомелем, Магілёвам і Віцебскам.

У адваротным кірунку таксама прадугледжваецца зручная лагістыка: з Варшавы цягнік будзе выходзіць у 6.26 і прыбываць у Гродна ў 14.20. У Мінск можна будзе выехаць цягніком у 15.25, у 16.53 — у Маскву, Віцебск або Магілёў, у 17.18 — у Санкт-Пецярбург, Баранавічы або Гомель.

Фота з архіву