“Белавія” ў жніўні прэзентуе Boeing у новай “ліўрэі”

Авіякампанія “Белавія” ў жніўні правядзе маштабную прэзентацыю рэбрэндынгу. Пра гэта БЕЛТА паведамляе са спасылкай на генеральнага дырэктара па маркетынгу і знешнеэканамічнай дзейнасці авіякампаніі Ігара Чаргінца. Па яго словах, у Нацыянальным аэрапорце Мінск адбудзецца вялікае мерапрыемства з нагоды папаўнення авіяпарку “Белавія” першым з трох новых Boeing 737-800. Гэты самалёт будзе ў новай “ліўрэі” — то бок, па-новаму расфарбаваны. Раней паведамлялася, што афармленне будзе ў нацыянальных колерах Беларусі, але не ў зялёным і чырвоным.
Апроч гэтага авіяперавозчык зменіць форму бортправаднікоў і пілотаў, перагледзіць бартавое харчаванне і сістэму арганізацыі працы.
Распрацоўку візуальнай канцэпцыі рэбрэндынга “Белавія” прафінансавала кампанія Boeing. Плануецца, што другі самалёт Boenig прыбудзе ў Мінск у верасні, трэці — у лістападзе. Самалёты будуць у кампаноўцы эканомкласа, разлічаныя на 189 пасажыраў. Іх плануецца выкарыстоўваць для ўжо існуючых чартэрных рэйсаў. Авіяперавозчык разлічвае, што высокая эканамічная эфектыўнасць гэтых паветраных суднаў знізіць аперацыйныя выдаткі і павялічыць дальнасць палёту, што зробіць магчымым бесперасадачныя рэйсы ў Дубай і на Тэнерыфе.