"Белавія": Лепш за ўсё раскупляюць квіткі ў Батумі, Прагу і Барселону

"Белавія": Лепш за ўсё раскупляюць квіткі ў Батумі, Прагу і Барселону

Кампанія “Белавія” прадала 14 тысяч квіткоў па прома-тарыфе. Такую статыстыку па стане на паўдня 5 сакавіка прывялі парталу TUT.by у аддзеле рэкламы і камунікацыі авіяперавозчыка. Найбольш папулярнымі напрамкамі сталі Батумі (прадалі 493 месцы), Прага (448 месцаў) і Барселона (420 месцаў). Таксама значны попыт зафіксаваны на рэйсы да Санкт-Пецярбурга (414 месцаў) і Тэль-Авіва (388).

Спецыялісты кампаніі адзначаюць, што многія пакупнікі не разумеюць умоваў акцыі: прома-тарыф распаўсюджваецца толькі на інтэрнэт-продажы. У авіякасах ёсць невялікі ажыятаж: людзі просяць прадаць ім квіткі па зніжаным тарыфе і нават пагражаюць. Таксама “Белавія” звяртае ўвагу, што акцыя мае яшчэ адно адмежаванне — тарыф у 20 еўра распаўсюджваецца толькі на рэгулярныя рэйсы, а на чартарныя — не.

Калі праз тэхнічны збой аплата знятая двойчы, трэба звяртацца ў касы авіякампаніі. Калі білет яшчэ не прыйшоў на электронную пошту, гэта азначае, што спецыялісты апрацоўваюць замову. У выпадку ўзнікнення праблем з квіткамі можна тэлефанаваць у кол-цэнтр па нумары 8017 220 25 55.

Нагадаем, што па акцыі, абвешчанай “Белавія”, можна набыць 114 тысяч білетаў на перыяд палёту 5 сакавіка 2016 года — 30 студзеня 2017 года. Змяніць дату вылету нельга, пры звароце квітка не атрымаецца вярнуць тарыф, паліўны і кампенсацыйны збор. З-за праблемаў з доступам да сайту кампаніі, акцыю працягнуць і 6 сакавіка.