Белавія: Нічога не зменіцца і самалёты Boeing 737 далей будуць эксплуатавацца

5 лістапада стала вядома, што прыпынена дзеянне ў Расіі сертыфікатаў на самалёты Boeing 737. Гаворка ідзе пра яго дзве мадыфікацыі: Classic і NG. Такое рашэнне нібыта прыняў Міждзяржаўны авіяцыйны камітэт.
У авіяпарку “Белавія” 17 самалётаў пазначанай мадыфікацыі: 2 — Boeing 737-800, 6 — Boeing 737-500, 9 — Boeing 737-300. Але па словах намесніка генеральнага дырэктара авіякампаніі "Белавія" Ігара Чаргінца, на беларускім авіяперавозчыку гэта рашэнне ніякім чынам не адаб’ецца.
Чаргінец: “Як працавалі, так і будзем працаваць — нічога не змянілася. Я думаю, што рашэнне вельмі хутка знойдзецца і самалёты далей будуць эксплуатавацца”.
Паведамляецца, што МАК занепакоены бяспекай эксплуатацыі самалётаў Boeing 737. У Расіі заяўляюць, што рашэнне камітэта можа прывесці да адначасовага спынення ўсяго расійскага парку гэтых пасажырскіх самалётаў. Ужо сёння ў Росавіяцыі пройдзе нарада з удзелам кампаній, якія выкарыстоўваюць Boeing.
Па словах Ігара Чаргінца, “Белавія” будзе сачыць за тым, што далей будзе адбывацца ў Расіі. На пытанне, ці сапраўды такое рашэнне МАК звязанае з праблемамі ў бяспецы эксплуатацыі самалётаў Boeing 737 ці гэта нейкія гульні канкурэнтаў, адказаў: “Гэта не канкурэнты — гэта з нейкай іншай сферы адносінаў справы”. З якой, суразмоўца Еўрарадыё не ўдакладніў.
Фота: tio.by