Беларускія памежнікі распавялі, ці адкрыюць мяжу ўслед за Польшчай
Беларуска-польская мяжа / Еўрарадыё
Беларускія пункты пропуска "Брузгі" і "Бераставіца" будуць адкрытыя, калі Польшча адкрые са свайго боку "Кузніцу" і "Баброўнікі", вынікае з адказу на гарачай лініі Памежнага камітэта.
З пытаннем пра адкрыццё пунктаў пропуску з беларускага боку туды патэлефанавалі журналісты выдання Zerkalo. Пачуўшы пытанне пра адкрыццё мяжы, супрацоўніца хутка адказала: "Няма такой інфармацыі".
— Але калі ўсё ж іх адкрыюць, ці зможам мы праехаць, напрыклад, праз "Брузгі" ці праз "Бераставіцу"? — запыталіся журналісты.
— Будзе адкрыццё — прапусцяць, не будзе — не прапусцяць, — сказала супрацоўніца ДПК. — Калі будзе адкрыты [польскі] пункт пропуску, то [і беларускі] будзе працаваць. Адпаведна, можна будзе ехаць грамадзянам.
Польскае Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі хоча, каб два пункты пропуску на мяжы з Беларуссю адкрыліся ў панядзелак, 17 лістапада. Гэта вынікае з праекта закона, які быў апублікаваны на сайце Цэнтра дзяржаўнага заканадаўства Польшчы. Гаворка ідзе пра адкрыццё пунктаў Баброўнікі–Берставіца і Кузніца–Беластоцкая–Брузгі, паведамляе польскае агенцтва PAP.
Пра намер аднавіць рух транспарту ў "Кузніцы" і "Баброўніках" яшчэ ў кастрычніку паведамляў прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск. Дакладную дату ён не назваў, але сказаў, што гэта павінна адбыцца ў лістападзе. На намер Польшчы адкрыць пераходы, беларускі МЗС адрэагаваў нярвова: там сказалі, што "не прэм'еру Польшчы вырашаць", калі адкрыецца беларуская мяжа.
Пасля налёту на Літву метэазондаў з кантрабанднымі цыгарэтамі, што запускаліся з тэрыторыі Беларусі, Польшча адкладвала адкрыццё пунктаў пропуску ў знак салідарнасці з Вільнюсам.
Сёння на беларуска-польскай мяжы дзейнічае пункт пропуску "Брэст" (для аўтамабільнага пасажырскага транспарту) і "Казловічы" (для грузавога). Пункт пропуску ў Баброўніках быў закрыты ў 2023 як адказ на прысуд журналісту, прадстаўніку польскай нацыянальнай меншасці Анджэю Пачобуту. Пункт пропуску ў Кузніцы польскі бок закрыў у 2021 годзе, калі актывізаваўся міграцыйны крызіс на беларуска-польскай мяжы.