Польскі МУС хоча адкрыць два пункты пропуску на мяжы з Беларуссю ў панядзелак
Пункт пропуска Кузніца
Польскае Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі хоча, каб два пункты пропуску на мяжы з Беларуссю адкрыліся ў панядзелак, 17 лістапада.
Гэта вынікае з праекта закона, які быў апублікаваны на сайце Цэнтра дзяржаўнага заканадаўства Польшчы. Гаворка ідзе пра адкрыццё пунктаў Баброўнікі–Берставіца і Кузніца–Беластоцкая–Брузгі, паведамляе польскае агенцтва PAP.
Сёння на беларуска-польскай мяжы дзейнічае пункт пропуску "Брэст" (для аўтамабільнага пасажырскага транспарту) і "Казловічы" (для грузавога). Пункт пропуску ў Баброўніках быў закрыты ў 2023 як адказ на прысуд журналісту, прадстаўніку польскай нацыянальнай меншасці Анджэю Пачобуту. Пункт пропуску ў Кузніцы польскі бок закрыў у 2021 годзе, калі актывізаваўся міграцыйны крызіс на беларуска-польскай мяжы.
Пра намер аднавіць рух транспарту ў "Кузніцы" і "Баброўніках" яшчэ ў кастрычніку паведамляў прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск. Дакладную дату ён не назваў, але сказаў, што гэта павінна адбыцца ў лістападзе. Пасля налёту на Літву метэазондаў з кантрабанднымі цыгарэтамі, што запускаліся з тэрыторыі Беларусі, Польшча адкладвала адкрыццё пунктаў пропуску ў знак салідарнасці з Вільнюсам.