Беларускія мытнікі ў цягніку з Літвы перахапілі аўтамабілі на $500 тысяч
Лёс аўтамабіляў вырашыць суд / customs.gov.by
Беларускія мытнікі перахапілі аўтамабілі (па дзве Toyota і Lexus 2023 года выпуску), якія былі ў грузавым цягніку, які ехаў з Літвы ў Польшчу. Іх знайшлі ў "пустым" вагоне падчас агляду ў пункце мытнага афармлення "Маладзечна". Машыны каштуюць больш за 500 тысяч долараў.
Як паведамляюць мытнікі, у адным з аўтамабіляў знайшлі канверт, у якім былі ключы да легкавікоў і камерцыйныя дакументы.
У дачыненні да літоўскай фірмы-адпраўніка Мінскай рэгіянальнай мытняй распачаты адміністрацыйны працэс. Адзначаецца, што яна мела намер зэканоміць на мытных плацяжах амаль 600 тысяч рублёў. Лёс аўтамабіляў вырашыць суд.