Беларускія і ўкраінскія футбольныя фаны здалі кроў для байцоў АТА
Беларускія і ўкраінскія футбольныя фанаты здалі сёння кроў для людзей, пацярпелых ў зоне баявых дзеянняў ва Украіне. Сумесную акцыю яны правялі раніцай у дзень матчу кваліфікацыі на Еўра-2016 нацыянальных зборных па футболе ў Львове.
Ініцыятыва здаць кроў паступіла ад беларускіх фанатаў, а ўкраінцы яе падтрымалі, паведамляе Радыё Свабода.
Пасля абследавання і аналізу кроў з львоўскай станцыі пералівання будзе перададзеная для патрэбаў Львоўскага вайсковага шпіталю.
Адносіны беларускіх і ўкраінскіх футбольных фанатаў не заўсёды былі сяброўскімі. Яшчэ ў 2008-м годзе ў Львове гаспадары збілі беларусаў на аўтавакзале, у 2001-м у Кіеве былі бойкі на Хрэшчаціку.
Аднак пасля апошняга Майдану беларускія і ўкраінскія фанаты займелі агульныя каштоўнасці і аб’ядналіся. Сёння ў 16.00 яны правядуць сумесны марш у Львове.
Фота: Твітэр