Беларускія футбалісты правядуць адборачныя матчы на чэмпіянаты свету і Еўропы
Футбалісты зборных Беларусі сёння правядуць матчы кваліфікацыяў да чэмпіянатаў свету і Еўропы. Асноўная нацыянальная каманда згуляе ў Ратэрдаме з футбалістамі Нідэрландаў у паядынку другога тура кваліфікацыйнай групы А сусветнага першынства. Наўпроставая трансляцыя матчу пачнецца ў 21.45 на тэлеканале “Беларусь 2”.
У групе А сёння таксама згуляюць зборная Францыі з балгарскімі футбалістамі, а Люксембург прыме Швецыю.
Нагадаем, што ў стартавым туры беларусы на “Барысаў-Арэне” згулялі ўнічыю з Францыяй (0:0), а галандцы таксама падзялілі ачкі са шведамі (1:1).
Моладзевая зборная Беларусі (U-21) сёння завяршае выступ у кваліфікацыі да Чэмпіянату Еўропы. У Міяві нашы футбалісты згуляюць са славацкімі аднагодкамі, якія ўжо гарантавалі сабе першае месца ў 8-й кваліфікацыйна групе.
У першым туры беларуская “маладзёжка” адолела славакаў (1:0), але пасля выступала няроўна і страціла шансы прабіцца ў плэй-оф еўрапейскага першынства. На сёння беларусы займаюць 4-е месца ў сваёй групе з 8 ачкамі, а Славакія лідуе з 15 ачкамі.