Беларускіх лыжнікаў і сноўбардыстаў дапусцяць да Алімпіяды-2026
Лыжы, ілюстрацыйнае фота
Беларускіх лыжнікаў, якія адпавядаюць крытэрам нейтральных спартоўцаў, павінны дапусціць да кваліфікацыі і адбору на Алімпіяду-2026, паведамляе Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі. Гэта вынік разгляду ў Спартовым арбітражным судзе CAS.
11 лістапада Беларускі лыжны саюз падаў апеляцыю на рашэнне Міжнароднай федэрацыі лыжнага спорту і сноўборда (FIS), якая пастанавіла не дапускаць беларускіх спартоўцаў да спаборніцтваў FIS і адбору да Алімпійскіх гульняў 2026 года. Слуханні па гэтай скарзе прайшлі 26 лістапада.
2 снежня CAS пастанавіў адмяніць рашэнне Міжнароднай федэрацыі лыжнага спорту і сноўборда. Арбітраж вырашыў, што беларускія спартоўцы, якія адпавядаюць крытэрам, вызначаным Міжнародным алімпійскім камітэтам, могуць удзельнічаць у адборы і самой зімовай Алімпіядзе-2026.