Да зімовай Алімпіяды-2026 дапусцілі фігурыстку, якая выступае за РБ

Вікторыя Сафонава

Вікторыя Сафонава / metaratings.by

Да зімовай Алімпіяды 2026 года дапусцілі фігурыстку Вікторыю Сафонаву, якая выступае за Беларусь.

Адпаведнае рашэнне прыняла група экспертаў камісіі па праверцы адпаведнасці індывідуальных нейтральных спартсменаў крытэрам адбору, паведамляе прэс-служба Міжнароднага алімпійскага камітэта. Гаворыцца, што перад прыняццем рашэння была праведзеная праверка "ў адпаведнасці з рашэннем МАК і вызначанымі прынцыпамі".

Вікторыя Сафонава нарадзілася 8 мая 2003 года ў Маскве, выступае ў адзіночным катанні. За Беларусь яна стала выступаць пасля таго, як улетку 2019 года змяніла спартовае грамадзянства. На цяперашні час Сафонава ўжо шасціразовая чэмпіёнка Беларусі.

Як згадвае "Трыбуна", раней Сафонава ніяк не магла вызначыцца з назвай краіны, за якую выступае. Ужо маючы беларускія дакументы, у 2020 годзе спартоўка прызнавалася: "Колькі ні чытала ў Інтэрнеце — не змагла зразумець, як правільна. Нібыта раней заўсёды была Беларусія. Цяпер Беларусь. Быццам бы беларусы хочуць, каб выкарыстоўваўся другі варыянт".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.