Беларускі футбаліст: Навошта мяняць сваю радзіму на нейкую Іспанію?

Футбаліст нацыянальнай зборнай Беларусі і самарскіх "Крылаў Саветаў" Станіслаў Драгун даў вялікае інтэрв'ю газеце "Прессбол". Між іншым, гаворка ішла і пра нядаўняе скандальнае выказванне футбаліста беларускай зборнай і "Растова" Цімафея Калачова, што “ўвогуле, ідэальна, каб мы з Расіяй былі адной краінай”. Яно выклікала немалы рэзананс.

Родны брат Калачова: Цімафея няправільна зразумелі, ён вельмі перажывае

"Прессбол" пацікавіўся ў Станіслава Драгуна, ці падабаецца яму ідэя аб'яднання Беларусі і Расіі? "Гэта была фраза, вырваная з кантэксту, — кажа футбаліст. — Увесь жа тэкст ніхто не хоча чытаць, можа выхапіць штосьці адно і паліваць па поўнай. Але зноў жа ў любым выпадку ён мае права на сваю кропку гледжання, тым больш што ў яго бацька беларус, а маці руская. Дарэчы, у мяне бацькі беларусы, і я не хацеў бы жыць у адной дзяржаве з Расіяй".

Драгун адзначае, што дарма "інтэрнэт-заўзятары адразу ж запісалі Цімафея ў здраднікі радзімы".

У інтэрв'ю Станіслаў таксама распавёў, што збіраецца правесці свой адпачынак у Беларусі: "У нас хапае добрых месцаў, якія можна наведаць. Браслаўскія азёры, Нарач... Навошта мяняць сваю радзіму на нейкую Іспанію?".

Станіславу Драгуну 27 гадоў. Ён — ураджэнец Мінска. Спачатку выступаў за мінскі "Лакаматыў" і "Гомель", а ў 2008-2012 гадах быў гульцом мінскага "Дынама". У "Крылах Саветах" паўабаронца з пачатку 2013 года.

Фота: sport.ru