Беларуская кампанія вазіла ў РФ забаронены санкцыямі растваральнік

Хімікаты, ілюстрацыйнае фота

Хімікаты, ілюстрацыйнае фота / pexels.com

Беларуская кампанія, звязаная з "гаманцамі Лукашэнкі", у абыход санкцый пастаўляла ў Расію забароненыя тавары. Пра гэта піша Беларускі расследвальніцкі цэнтр.

Увосень 2024 года ў Барселоне іспанскія праваахоўнікі перахапілі 13 тон падсанкцыйнага хімікату, які адпраўлялі ў Расію. Гэта NMP — растваральнік N-метыл-2-піралідон. Рэчыва выкарыстоўваецца для вытворчасці аграхімікатаў, фарбаў, клею, герметыкаў, для ачысткі праваднікоў у электроніцы, у фармацэўтыцы ды іншых сферах. Але пры гэтым хімікат можа прымяняцца ў ваеннай сферы: для вытворчасці акумулятараў, кеўлару, а таксама для вырабу атрутных рэчываў для хімічных гранат. Вываз гэтага растваральніка ў Расію Еўрасаюз забараніў яшчэ ўвесну 2022 года.

Сярод дзевяці чалавек, затрыманых па гэтай крымінальнай справе, былі прадстаўнікі адной сям'і — Марыя, Вячаслаў і Ірына Алейнікавы. У Барселоне ў іх з 2024 годзе працуе рэстаран Cavina, а сетка гастрабараў з такой самай назвай ёсць у іх і ў Расіі.

Марыі Алейнікавай сярод іншага належыць доля расійскага ТАА "Катроса рэактыў". У 2023 годзе гэтая кампанія, паводле звестак расійскай мытні, купіла 16 тон NMP, а ў 2024-м — яшчэ 21,3 тоны хімічнага рэчыва пад тым самым таварным кодам, але без указання назвы тавару. З гэтай другой партыі 16 тон прыйшло ад Complexe Sancu SL, а астатнія 5 тон даставіла беларускае ТАА "ВЛАТЕ Лагістык".

Паводле інфармацыі БРЦ, "ВЛАТЕ Лагістык" атрымала заказ на дастаўку рэактыву ад кыргызскай і армянскай кампаній, зарэгістраваных пасля ўвядзення еўрапейскіх санкцый супраць Расіі — "НК Мурас" і "Авінекс". Расследвальнікі мяркуюць, што фірмы былі зарэгістраваныя толькі для прыкрыцця: згодна з дакументамі хімікаты прызначаліся для Бішкека і Ерэвана, а фактычна іх з дапамогай Беларусі перанакіроўвалі ў Расію.

Таксама ў 2024 годзе "ВЛАТЕ Лагістык" па даручэнні "НК Мурас" пастаўляла ў Расію мадыфікаваныя крухмалы з Аўстрыі, якія выкарыстоўваюць для вытворчасці будаўнічых сумесяў. Пастаўкі гэтага тавару ў РФ таксама забароненыя санкцыямі ЕС.

А ў 2023 годзе беларуская кампанія перавезла ў РФ падсанкцыйныя грузавікі Volvo і DAF са Швецыі і Нідэрландаў. Гэтым разам пастаўкі падсанкцыйных тавараў праходзілі праз Арменію.

У БРЦ выявілі, што з траўня 2017 года да снежня 2020-га адзіным уладальнікам "ВЛАТЕ Лагістык" было ТАА "Брэміна груп". Гэта вядомая кампанія, звязаная з Аляксандрам Зайцавым, Аляксеем Алексіным і Мікалаем Вараб'ём, якіх называюць "гаманцамі Лукашэнкі".

Пасля 2020-га кампанія перайшла ў рукі новых уладальнікаў — непублічных фізічных асоб. Аднак Зайцаў, Алексін і Варабей па-ранейшаму маюць да яе дачыненне, сцвярджаюць расследвальнікі.

"Брэміна груп" трапіла пад заходнія санкцыі ўлетку 2021 года. У 2024-м "ВЛАТЕ Лагістык" была ўнесеная ў "чорныя спісы" ЕС і ЗША.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.