Беларуская гульнявая студыя выпусціла галівудскую стратэгію Hollywood Animal
Гульцам прапануецца ўзначаліць галівудскую кінастудыю напачатку гукавога кіно / Скриншот игры
Беларускія распрацоўшчыкі з Weappy Studio выпусцілі ў ранні доступ гульню Hollywood Animal, яна ўжо даступная ў Steam. У гульні можна выбраць беларускую мову і беларускамоўны інтэрфейс.
Гульцам прапануецца ўзначаліць галівудскую кінастудыю напачатку гукавога кіно (канец 20-х гадоў) і прайсці з ёй шлях праз “дзесяцігоддзі творчых дасягненняў, глянцу, распусты, паламаных лёсаў і здзелак з сумленнем”.
Распрацоўшчыкі абяцаюць удзел ва ўсіх этапах кінавытворчасці, інтрыгі, нечаканыя саюзы, сілавыя метады вядзення барацьбы з канкурэнтамі, “маніякальную ўвагу да дэталяў і бясконцую варыятыўнасць”.
Да канца красавіка аўтары плануюць уносіць у гульню невялікія выпраўленні, карэкціроўкі і паляпшэнні на аснове водгукаў карыстальнікаў.
У траўні чакаецца першае глабальнае абнаўленне, дзе будуць квэсты, падзеі, розныя сюжэтныя элементы.
На чэрвень запланавана другое буйное абнаўленне з вечарынамі, фокус-групамі і асабліва вялікімі кінатэатрамі.
У ліпені распрацоўшчыкі дададуць два новыя варыянты вытворчасці фільмаў — “канвеер” і “сярэдняк”.
На другую палову 2025 года заяўлена рэалізацыя некалькіх ключавых асаблівасцяў, уключаючы:
другі акт сюжэтнай кампаніі;
магчымасць ствараць франшызы;
міжнародная дыстрыбуцыя фільмаў;
макартызм (пераслед камуністаў і "левых" у ЗША ў 1940−1950-х гадах).
Кароткая гісторыя студыі
Студыя Weappy была заснавана ў 2015 годзе ў Беларусі і базіравалася ў Мінску. Цяпер студыя прапісаная на Кіпры. Да галівудскай стратэгіі яны паспелі выпусціць гульні This is the Police, Rebel Cops, The Eternal Life of Goldman.