Беларуская ДАІ пачала "паляванне" на аўтамабілі без тэхагляду

Беларуская ДАІ пачала "паляванне" на аўтамабілі без тэхагляду

21 сакавіка ўнітарнае прадпрыемства "Белтэхагляд" Міністэрства транспарту, ўпраўленне ДАІ МУС і Транспартная інспекцыя пачалі рэспубліканскую дэкаду "Дзяржтэхагляд". Акцыя працягнецца да 30 сакавіка.

Асноўная мэта дэкады — узмацніць кантроль за своечасовым правядзеннем дзяржтэхагляду аўтамабіяў. Таксама ставіцца задача прыцягнуць увагу аўтаўладальнікаў да падтрымання аўтамабіляў у тэхнічна спраўным стане, перадае БелаПАН.

Згодна са статыстыкай, ад 17 да 23% аўтаўладальнікаў штогод ігнаруюць дзяржтэхагляд, паведамляе прэс-служба Мінтрансу. Гэта шкодзіць не толькі тэхнічнаму стану аўто, але і пагражае бяспецы навакольных.

У рэйдавыя групы ўвойдуць прадстаўнікі ДАІ, Транспартнай інспекцыі і УП "Белтэхагляд". Яны будуць найперш звяртаць увагу на аўтамабілі без дазвольнай наклейкі на ветравой шыбе. Таксама групы будуць правяраць аўтамабілі з відавочнымі неадпаведнасцямі ў вонкавым выглядзе. Уладальнікі аўто, якія своечасова не прайшлі дзяржтэхагляд, могуць быць аштрафаваныя — ад 210 да 630 тысяч рублёў (1-3 базавыя велічыні) пры першым парушэнні на працягу года. Пры паўторным парушэнні штраф можа скласці ад 420 тысяч рублёў да 1 млн 50 тысяч.

Мінтранс нагадвае, што за падробку або выкарыстанне падробленых дакументаў, штампаў, пячатак прадугледжваецца крымінальная адказнасць аж да пазбаўлення волі.