У Брэсцкім ІЧУ здарыўся пажар, ратавальнікаў не хацелі пускаць

За кратамі, ілюстрацыйнае фота

За кратамі, ілюстрацыйнае фота

8 жніўня ў ізалятары часовага ўтрымання Брэста здарыўся пажар, даведалася Еўрарадыё з уласных крыніц.

Гарэў дах установы, у будынку адключылася электрычнасць, і вязняў доўга не маглі з яго вывесці.

Пажар пачаўся раніцай у пятніцу і працягваўся прыкладна да абеду, якога ў вязняў у выніку не было. Яшчэ перад тым яны заўважылі, што ў будынку пачаліся праблемы з вадой і святлом.

Паводле інфармацыі Еўрарадыё, абышлося без ахвяраў. Хаця канфлікт узнік паміж міліцыяй і ратавальнікамі, якіх не хацелі прапускаць на "рэжымны аб'ект". Таксама суразмоўца Еўрарадыё кажа, што пажарнікі не змаглі падлучыцца да гідрантаў (калі яны на тэрыторыі ІЧУ ўвогуле былі) і ваду давялося падаваць з па-за межаў ізалятара. Тым часам зняволеныя ў камерах разумелі, што адбываецца нешта надзвычайнае, але ім нічога не паведамлялі.

У зводках МНС за 8 жніўня згадак пра пажар у брэсцкім ІЧУ няма.

У гэты ізалятар прывозяць у тым ліку і "палітычных" — людзей, затрыманых на ўездзе ў Беларусь за "экстрэмсцкія" падабайкі і спасылкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.