Беларуска ў Грузіі выклікала паліцыю на работнікаў банка

Марына Зялёная і грузінскі паліцыянт у банку / facebook.com/marina.zelenaja
Беларускія палітуцекачы за мяжой нярэдка сутыкаюцца з праблемай афармлення дакументаў, асабліва пасля дэкрэта Лукашэнкі, які забараніў абмен пашпартоў у консульствах. У Грузіі беларуска Марына Зялёная выклікала паліцыю на работнікаў банка, якія адмаўляліся аформіць ёй дакументы. Гэтым досведам палітуцякачка падзялілася ў сацсетках.
Жанчына кажа, што падала дакументы на атрыманне міжнароднай абароны на тэрыторыі Грузіі. Пашпарт пры гэтым забіраюць, даюць дакумент суіскальніка прытулку. Для аплаты дзяржпошліны ёй спатрэбілася рэгістрацыя ў грузінскай банкаўскай сістэме. Але яе адмаўляліся рабіць па дакуменце суіскальніка прытулку і патрабавалі пашпарт.
"У TBCbank мне пачалі рэгістрацыю і ветліва прапанавалі пачакаць тыдзень.Я папрасіла паскорыць працэс і мне паабяцалі даць адказ у найхутчэйшыя тэрміны.
Я пайшла ў суседні Georgia bank, адстаяла са стомленым дзіцем чаргу — але там мне адмовілі ў пачатку працэсу рэгістрацыі. Сказалі, што нават не могуць пачаць працэс па гэтым дакуменце", — піша жанчына.
Марына Зялёная кажа, што спярша звярнулася ў службу падтрымкі, але там яе пачалі пераконваць, што зррабіць нічога нельга. Потым банкаўскія работнікі адмовіліся выдаць ёй пісьмовую адмову ў прыёме бюджэтнага плацяжу.
"Прайшоўшы ўсе спосабы дамовіцца, я выклікала паліцыю і склала пратакол аб парушэнні майго права ажыццявіць бюджэтны плацеж і зафіксавала гэты інцэндэнт дакументальна.
І вы не паверыце -— на наступны дзень мне затэлефанавала ветлівая жанчына са службы падтрымкі кліентаў GeorgiaBank і мяне зарэгістравалі ў сістэме з магчымасцю выплачваць пошліны ў суд...
З TBCbank прыйшлося дадаткова павазіцца: мяне зарэгістравалі ў сістэме для плацяжоў, але не разгледзелі заяву на адкрыццё рахунку. Што было добра, але недастаткова", — дзеліцца беларуска падрабязнасцямі.
Жанчына кажа, што прыйшла ў аддзяленне банка праз месяц — і ёй сказалі, што заява на рэгістрацыю згубілася. Тады яна села пісаць скаргу: "Прыблізна на палове аркуша маёй скаргі пытанне з рэгістрацыяй і адкрыццём рахунку вырашылася".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.