Беларуса затрымалі за "праклёны прэзідэнту РФ" на аўто
Сілавікі заўважылі на машыне беларуса "праклёны прэзідэнту РФ" / pixabay.com
Міліцыянты каля Смаргоні спынілі 46-гадовага жыхара Вілейскага раёна, бо на яго аўтамабілі былі напісаныя "праклёны прэзідэнту РФ", паведамляюць праваабаронцы "Вясны".
Мужчына перавозіў аўтамабіль на лафеце, каб здаць у рамонт. Сілавікі заўважылі надпісы на бартах машыны.
Спярша мужчына сказаў, што аўтамабіль спісалі хуліганы, пакуль ён ездзіў па помпу для кола. У РАУС ён напісаў заяву і ацаніў шкоду амаль у 400 рублёў. Па ягонай заяве пачалі крымінальную справу.
Але потым сілавікі вырашылі, што мужчына сам распісаў аўтамабіль для "хайпу", а гісторыю з хуліганамі проста выдумаў. У міліцыі заявілі, што яго чакае пратакол і, магчыма, крымінальная справа за заведама ілжывы данос.