Беларусь трапіць у "чорны спіс" ЕС па законе аб барацьбе з абязлесеннем

Драўніна, ілюстрацыйнае фота

Драўніна, ілюстрацыйнае фота / Еўрарадыё

Еўрасаюз рыхтуецца прызнаць чатыры краіны высокарызыкоўнымі з пункту гледжання абязлесення. Гэта Беларусь, Паўночная Карэя, М'янма і Расія. Адпаведнае рашэнне прымаецца ў рамках даўно чаканага закона ЕС аб барацьбе з абязлесеннем, перадае Euractiv. Пры гэтым буйныя экспарцёры сыравіны, такія накшталт Бразіліі ці Інданезіі, змогуць пазбегнуць гэтага статусу.

Цягам апошніх тыдняў дакумент абмяркоўваўся ва ўмовах строгай прыватнасці і быў ухвалены ўсімі краінамі-чальцамі ЕС у панядзелак, 12 траўня.

Каментуючы для Euractiv фігурантаў чорнага спісу, адзін з дыпламатаў ЕС называў іх "сапраўднымі злыднямі".

Еўрасаюз два гадыраспрацоўваў сістэму ацэнкі барацьбы з абязлесеннем. У буйных экспарцёраў драўніны (Бразілія, Малайзія і Інданезія) гэты дакумент выклікаў напружанне: яны актыўна лабіравалі, каб не апынуцца ў гэтым спісе. У дакументах, апублікаваных летась, Еўракамісія прапаноўвала абмежавацца краінамі, якія ўжо трапілі пад санкцыі ЕС або ААН. Падобна, што сёлета гэты падыход захавалі.

Пакуль што Еўракамісія адмаўляецца называць краіны, якія трапяць у канчатковы спіс. Афіцыйна апублікаваць яго мяркуецца ў чэрвені.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.