Беларусь не зможа стаць пляцоўкай для наступных мірных перамоваў па Украіне

Штаб-кватэра НАТА ў Брусэлі

Штаб-кватэра НАТА ў Брусэлі / Еўрарадыё

Беларусь не зможа стаць пляцоўкай для наступных мірных перамоваў па Украіне. Такім меркаваннем падзяліўся з Еўрарадыё высокапастаўлены супрацоўнік NATO напярэдадні сустрэчы міністраў абароны краінаў Альянсу ў Брусэлі.

"Я не думаю, што Беларусь — гэта незалежны актар, які можа прынесці што-небудзь на стол перамоваў, — сказаў ён. — Да таго ж яна не захоўвае нейтралітэт. На ранняй стадыі канфлікту расійскія і ўкраінскія перамоўшчыкі сустракаліся ў Беларусі. Тады гэта было магчыма, але я не думаю, што гэта магчама цяпер".

У лютым 2015 года Мінск стаў пляцоўкай для перамоваў так званай "Нармандскай чацвёркі". Іх вынікам стала спыненне актыўнай фазы тагачаснага расійска-ўкраінскага канфлікту і перамір'е, якое атрымала назву "Мінскія пагадненні". Лукашэнка з таго часу пачаў пазіцыянаваць сябе як "міратворца".

Прыкладна праз месяц пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў 2022 годзе ўкраінская дэлегацыя на чале з Давідам Арахаміяй і расійская дэлегацыя на чале з Уладзімірам Мядзінскім сустракаліся ў Белавежскай пушчы. Але перамовы хутка перарваліся. Цяпер Лукашэнка наўрад ці зможа разлічваць на паўтарэнне знешнепалітычнага поспеху 10-гадовай даўніны.

Афіцыйная пазіцыя Альянсу паводле ролі Беларусі ў поўнамаштабным уварванні Расіі ва Украіну сфармуляваная ў Дэкларацыі Вашынгтонскага саміта НАТА, апублікаванай у ліпені 2024 года. Там сказана, што "Беларусь працягвае спрыяць гэтай вайне, прадастаўляючы сваю тэрыторыю і інфраструктуру. Паглыбленне палітычнай і ваеннай інтэграцыі Расіі і Беларусі, у тым ліку разгортванне перадавых расійскіх вайсковых магчымасцей і персаналу, мае негатыўныя наступствы для рэгіянальнай стабільнасці і бяспекі Альянсу".

За паўгода погляд НАТА на ўдзел Беларусі ў вайне не змяніўся. "Нас не задавальняе тое, як Лукашэнка пазіцыянуе Беларусь, і мы лічым, што гэта правакуе пытанні да нашай бяспекі", — дадаў суразмоўца Еўрарадыё.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.