Ветэрана-"афганца" асудзілі ў Беларусі на 12 гадоў за палітыку

Сяргей Цімашэнка / фота са старонкі ў "Аднакласніках"
Сяргея Цімашэнку асудзілі на 12 гадоў калоніі паводле палітычных абвінавачанняў. Суд адбыўся 10 верасня, піша "Наша Ніва". Мужчыну вінавацілі паводле чатырох артыкулаў — "удзел у пратэстах" (ч. 1 арт. 342 КК), "здрада дзяржаве" (арт. 356 КК), "удзел у экстрэмісцкім фармаванні" (ч. 3 арт. 361‑1 КК) і "ўдзел у тэрарыстычнай арганізацыі" (ч. 2 арт. 290‑5 КК).
Паведамляецца, што Цімашэнку 59 гадоў. Ён з Жылічаў — гэта аграгарадок у Кіраўскім раёне Магілёўшчыны, вядомы палацам Ігната Булгака. Яго земляком быў праваабаронца Алег Гулак, які памёр у 2022-м.
Цімашэнка з 1986 па 1988 гады ваяваў у Афганістане. Служыў ён у 2‑й дэсантна-штурмавой заставе Керкінскай дэсантна-штурмавой манеўранай групы, кіраваў баявой групай, удзельнічаў у баявых аперацыях, узнагароджаны ордэнам Чырвонай зоркі.
Апошні час ён займаўся вырабамі з дрэва — дошкамі ды іншымі будаўнічымі матэрыяламі.
Мяркуючы па сацсетках, Цімашэнка падтрымлівае Украіну ў вайне супраць Расіі. Відаць, гэта і стала прычынай абвінавачанняў. Мужчына нечакана знік з усіх сацсетак у канцы 2024 года, быў арыштаваны і адпраўлены ў СІЗА.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.