Таджыкістан не выканаў ордэр на арышт Пуціна

Уладзімір Пуцін / Reuters
Еўрасаюз абвінаваціў Таджыкістан у невыкананні абавязацельстваў па ордэры на арышт прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, які выдаў Міжнародны крымінальны суд (МУС). Пра гэта гаворыцца ў заяве Еўрапейскай службы знешніх сувязяў (EEAS), апублікаванай у пятніцу, 10 кастрычніка, перадае DW.
Таджыкістан — дзяржава-ўдзельніца Рымскага статута МУС.
Уладзімір Пуцін быў у Душанбэ з 8 па 10 кастрычніка на саміце "Цэнтральная Азія - Расія".
Ордэр на яго арышт, а таксама ўпаўнаважанай па правах дзіцяці Марыі Львовай-Бяловай, быў выдадзены за міжнародныя злачынствы, а менавіта — незаконную дэпартацыю насельніцтва і незаконнае перамяшчэнне насельніцтва з акупаваных раёнаў Украіны ў Расійскую Федэрацыю на шкоду ўкраінскім дзецям.
У апублікаваным у пятніцу прэс-рэлізе Брусель у чарговы раз падкрэсліў сваю падтрымку намаганням па прыцягненні да адказнасці за ўсе злачынствы ў рамках міжнароднага права, учыненыя ў выніку развязанай Крамлём вайны ва Украіне.
"У сувязі з гэтым ЕС працягвае падтрымліваць расследаванні, якія праводзяць пракурор Міжнароднага крымінальнага суда ва Украіне, і заклікае ўсе дзяржавы да супрацоўніцтва", — дадалі ў EEAS.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.