Полк Каліноўскага змяняе сваю структуру і кірунак дзейнасці

Павел “Дзядзька” Шурмей / @KalinouskiPolk
Полк імя Кастуся Каліноўскага заснаваў грамадскую арганізацыю і актывізуе палітычную дзейнасць. Пра гэта паведаміў камандзір палка Павел “Дзядзька” Шурмей у відэазвароце.
“Полк становіцца больш тэхналагічным і канчаткова пераходзіць да калегіяльнай мадэлі кіравання”, – сказаў ён. То бок усе ключавыя рашэнні ў падраздзяленні цяпер прымае Рада камандзіраў. Шурмей жа прызначаны часовым прадстаўніком руху для актывізацыі палітычнай дзейнасці.
У прэс-службе ПКК патлумачылі “Белсату” гэтыя змены “больш эфектыўным метадам кіравання”.
— Гэта патрэбны этап развіцця. Калегіяльны орган больш эфектыўны ў абставінах сучаснай вайны. Колькасць камандзіраў у Радзе зараз раскрыць не можам.
Што да перафарматавання палітычнай працы, у Палку таксама адзначылі, што гэта робіцца для большай эфектыўнасці.
— Мы прыйшлі да высновы, што нам неабходнае перафарматаванне органу палітычнага прадстаўніцтва палка дзеля больш эфектыўнага фармату працы. Мы плануем пашырыць прадстаўніцтва нашых ваяроў і ўсёй супольнасці, што склалася вакол палка, як ва Украіне, так і за яе межамі.
Таксама ў відэазвароце Шурмей паведаміў пра заснаванне ветэранскага руху — грамадскай арганізацыі “Каліноўцы”. Яе афіцыйны прадстаўнік — Ян Мельнікаў. Адпаведную пастанову прыняла Рада камандзіраў.
У каментары “Белсату” каліноўцы ўдакладнілі, што арганізацыя ўжо створана ва Украіне. Яе мэта — адстойваць інтарэсы ветэранаў Палка імя Кастуся Каліноўскага, аказваць ім юрыдычнае падтрыманне і дапамагаць з легалізацыяй.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.