Што цяпер адбываецца з Палком Каліноўскага? Спыталі ў камандзіра і байцоў

Сцяг Палка Каліноўскага на Запарожскім кірунку

Сцяг Палка Каліноўскага на Запарожскім кірунку / @KalinouskiPolk

За апошні час частка беларусаў пакінула Полк імя Кастуся Каліноўскага — хтосьці перайшоў у іншыя падраздзяленні, напрыклад, у структуры ГУР ці УСУ, іншыя — вярнуліся дадому або з’ехалі з Украіны.

Адзін з былых байцоў у размове з Еўрарадыё выказаў меркаванне, што такі працэс можа ўплываць на баяздольнасць Палка і яго ролю ў вайсковай сістэме.

Ці сапраўды гэта так? Еўрарадыё пагутарыла з дзейнымі ваярамі ПКК, каб даведацца, як адзінка выглядае цяпер і ці адпавядаюць падобныя ацэнкі рэчаіснасці.

 

Якія змены перажыў ПКК за апошні час

Камандзір ПКК Павел “Дзядзька” Шурмей не разумее, чаму ўвогуле паўстаюць пытанні пра існаванне адзінкі.  

“Полк імя Кастуся Каліноўскага штодня выконвае баявую працу і нішчыць ворага. Мы разумеем, што некаторым выданням патрэбны гучныя загалоўкі, што рэжым Лукашэнкі жадае, каб нас не было, і што супраць нас вядзецца вялікая праца. Усе тры гады нам распавядаюць, што нас няма. Што мы разваліліся, разбегліся, што ёсць два палкі ці што нас увогуле ніколі не існавала. Але, шчыра кажучы, ужо надакучыла на гэта адказваць. Найпросты доказ, што мы ёсць, — баявая праца падраздзяленняў Палка імя Кастуся Каліноўскага”.

Дабраахвотнік Яўген “Салам” Жураўскі тлумачыць, што Полк ужо не такі, які быў раней, але застаецца і выконвае свае баявая задачы

Што цяпер адбываецца з Палком Каліноўскага? Спыталі ў камандзіра і байцоў
Байцы Палка ў дзень нараджэння Кастуся Каліноўскага

Абодва добраахвотнікі звяртаюць увагу, што вайна трывае і змяняецца, а разам з гэтым ваяры мусяць адаптавацца і развіваць свае навыкі.

“Але не змянілася наша мэта”, — кажа Дзядзька.


Упор на беспілотнікі

Як кажа камандзір Павел Шурмей, Полк працягвае выконваць баявыя задачы на поўдні Украіны.

“Напрыклад, высокую эфектыўнасць нашы хлопцы дэманструюць на Запарожскім кірунку, знішчаючы варожую тэхніку, пазіцыі і жывую сілу ворага. Вынікі той працы, пра якую мы можам адкрыта казаць, вы можаце пабачыць на ўсіх афіцыйных старонках Палка імя Кастуся Каліноўскага ў сацсетках”.

Шурмей дадае, што БПЛА-падраздзяленні Палка выконваюць увесь спектр задач, неабходных на фронце: выведку на бліжэйшых пазіцыях, выведку ў тыле ворага, працу FPV-разлікаў, а таксама заданні па скідах лёгкіх і цяжкіх снарадаў.

“Нашы экіпажы працуюць і днём, і ўначы, пастаянна дзяжураць і знішчаюць ворага. Вайна зараз мяняецца, і нашы пілоты пастаянна паляпшаюць свае навыкі. Акрамя БПЛА, вялікую эфектыўнасць дэманструюць бронегрупа, артылерыя, медыкі, сувязісты, лагістычнае падраздзяленне, група агнявой падтрымкі і іншыя падраздзяленні”, — кажа Дзядзька.


Вайна і канфлікты

Яўген “Салам” Жураўскі ставіцца да падзелу беларусаў нават на вайне спакойна.

“Людзі заўжды могуць разысціся па пытаннях, не толькі беларусы. Калі мы разышліся на некалькі групак, але гатовы падтрымліваць сувязі і разам працаваць — гэта адно. Але калі не будзем размаўляць адно з адным — гэта іншае. Большасць людзей разыходзяцца, захоўваючы кантакты, можа, не такія цесныя, але яны ёсць.

Калі хтосьці можа перайсці ў іншае падраздзяленне, каб стаць лепшым спецыялістам у той справе, якую абірае, я ў гэтым не бачу праблемаў. Я ўвогуле ўвесь час казаў, што ПКК у тым фармаце, у якім ёсць, не пойдзе вызваляць Беларусь. Гэта відавочна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.