Беларус хацеў атрымаць грамадзянства Украіны, бо яго продкі ў 1918-м жылі ва УНР
Пашпарт УНР (ілюстрацыйнае фота) / gazeta.ua
Беларус хацеў атрымаць грамадзянства Украіны, бо яго продкі ў 1918-м жылі ва Украінскай Народнай Рэспубліцы (гэта прадугледжвае ўкраінскае заканадаўства). Аднак суд палічыў, што заяўнік не надаў "належных і дапушчальных доказаў сталага пражывання дзядулі і бабулі на тэрыторыі УНР і Украінскай Дзяржавы". Таму заяўніку адмовілі, піша Радыё Свабода.
У сваёй заяве ў суд беларус паведаміў, што яго дзядуля нарадзіўся ў вёсцы Плотніца на Піншчыне (цяпер гэта Столінскі раён Брэсцкай вобласці), а бабуля — у вёсцы Відзібор. У Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Украіны пацвердзілі, што згаданыя населеныя пункты ў 1918 годзе сапраўды ўваходзілі ў склад Украінскай Народнай Рэспублікі (згодна з Брэсцкай мірнай дамовай — беларусаў да тых перамоваў не дапусцілі, але ў далейшым яны змагаліся за Палессе са зброяй у руках). У суд была перададзена даведка ад 1966 года, што дзядуля заяўніка пасля Другой сусветнай вайны працаваў у царкве ў вёсцы Відзібор. Але гэтага для суда аказалася замала.
Падчас разгляду заявы суд дапытаў грамадзяніна Беларусі і яго маці. Аднак палічыў, што іх паказанні не могуць лічыцца доказамі, паколькі яны абодва не былі сведкамі тых падзей. Апеляцыйны суд пацвердзіў рашэнне суда першай інстанцыі.