"Белаэранавігацыя" не змагла аспрэчыць санкцыі ЕС у судзе
Самалёт Ryanair / Еўрарадыё
Еўрапейскі суд у Люксембургу 15 лютага адхіліў пазоў кампаніі "Белаэранавігацыя". Беларуская дзяржкампанія аспрэчвала ўключэнне яе ў "чорны спіс" ЕС, паведамляе DW.
"Белаэранавігацыя" адказвае за кіраванне паветранай прасторай у Беларусі. Еўрасаюз замарозіў яе сродкі пасля прымусовай пасадкі самалёта Ryanair ў Мінску ў траўні 2021 года.
Тады беларускія ўлады знялі з борта самалёта блогера Рамана Пратасевіча і рэдактарку "Чорнай кнігі Беларусі" Сафію Сапега. Дзяўчыну пазней асудзілі на 6 гадоў калоніі.
Расследаванне, якое правяла Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі ICAO, засведчыла, што афіцыйны Мінск пасадзіў самалёт пад ілжывай нагодай. Беларускія аэрадыспетчары дзейнічалі пад кіраўніцтвам спецслужбаў.