Байдэн і Зяленскі падпісалі двухбаковае пагадненне па бяспецы
Уладзімір Зяленскі і Джо Байдэн / Reuters
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн і ўкраінскі прэзідэт Уладзімір Зяленскі падпісалі двухбаковае пагадненне па бяспецы. Яно разлічанае на 10 гадоў і прадугледжвае стварэнне, падтрыманне абароны, патэнцыялу стрымлівання Украіны, паскарэнне яе еўраатлантычнай інтэграцыі і з'яўляецца "мостам" да сяброўства ў NATO, паведамляе "Голас Амерыкі". У выпадку нападу на Украіну ці пагрозы такой атакі прадстаўнікі Кіева і Вашынгтона на працягу сутак збяруцца на экстранную сустрэчу, каб абмеркаваць магчымую дапамогу з боку ЗША.
Злучаныя Штаты назвалі пагадненне "гістарычным", "магутным сігналам рашучай падтрымкі Украіны... цяпер і ў будучыні".
Пагадненне было падпісанае падчас саміту G7 у Італіі. На ім было вырашана, што да канца 2024 года Украіна атрымае 50 мільярдаў долараў дапамогі пад заклад будучага прыбытку ад замарожаных актываў Цэнтрабанка РФ.