Барысаўчанін прадаваў праз сацсеткі неіснуючыя квіткі на матч БАТЭ-"Арсенал"
З заявай пра крадзеж грошай шляхам падману звярнуўся ў Першамайскі РУУС Мінска малады чалавек. Як паведамляе прэс-служба УУС Мінгарвыканкама, мінчук пацярпеў праз сваю любоў да футболу.
Малады чалавек хацеў набыць квіткі на футбольны матч БАТЭ — "Арсенал", які парйшоў 28 верасня ў Барысаве. У сацсетцы "Вконтакте" ён пабачыў абвестку, у якой 23-гадовы жыхар Барысава прапаноўваў прадаць квіткі на гэты матч па 50 рублёў за штуку.
Малады чалавек дамовіўся з прадаўцом і перавёў 100 рублёў на ўказаны ім рахунак. Сустрэча і перадача квіткоў мусіла адбыцца на наступны дзень, але прадавец не з'явіўся і перастаў адказваць на тэлефанаванні.
Аператыўная праверка, праведзеная міліцыянтамі, выявіла, што квіткоў у прадаўца ўвогуле не было і прадаваць яму не было чаго. Атрыманыя ад ахвяры грошы ён адразу ж паставіў у букмекерскай канторы.
Агулам ахвярамі махлярскіх дзеянняў сталі каля дзясятка чалавек.
На барысаўчаніна пачалі крымінальную справу за махлярства. Яму пагражае да чатырох гадоў пазбаўлення волі. Дарэчы, раней ён ужо неаднаразова прыцягваўся да крымінальнай адказнасці.