Бацька пяці дзяцей абрабаваў пошту на Барысаўшчыне

Як інфармуе БелаПАН, удзень 14 траўня міліцыянтам пазваніла 19-гадовая аператарка аддзялення паштовай сувязі. Дзяўчына распавяла, што на пошту зайшоў невядомы мужчына ў масцы, накіраваў на яе пісталет і запатрабаваў выдаць грошы.



Дзяўчына, абараняючыся, ужыла газавы балончык. Але мужчына некалькі разоў стукнуў яе па галаве пісталетам. Потым ён забраў з касы каля 15 мільёнаў рублёў і ўцёк.



Праз паўтары гадзіны ў вёсцы Кішчына Слабада Барысаўскага раёна (за 2 км ад вёскі Халхоліца) міліцыянты спынілі мужчыну, якога апазналі па прыкметах. Падчас асабістага дагляду ў яго знайшлі газавы пісталет і вялікую суму грошай.



Мужчыну затрымалі. Гэта 43-гадовы жыхар Барысава, па прафесіі мантажнік. Ён расказаў міліцыянтам, што злачынства спланаваў загадзя і пасля яго пераапрануўся і схаваў пісталет і грошы на дне сумкі, а вопратку, пальчаткі і шапку з прарэзамі для вачэй выкінуў у лесе. Па словах мужчыны, на злачынства яго штурхнула цяжкое матэрыяльнае становішча, шматлікія крэдыты, якія ён браў у банках апошнія гады, а таксама наяўнасць на ўтрыманні пяцярых дзяцей.



На мужчыну пачалі крымінальную справу за разбой. Ён змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання.



Фота — progorodsamara.ru