"Бац — і "ліст шчасця". Беларуска — пра магчымую дэпартацыю з Партугаліі
Беларусаў хочуць дэпартаваць з Партугаліі / Creative Commons
Міграцыйная служба Партугаліі папрасіла некаторых беларусаў пакінуць краіну. Гэта тычыцца тых, хто ратаваўся ад вайны ва Украіне і апынуўся на беразе Атлантычнага акіяна.
Еўрарадыё паразмаўляла з беларускай, якая патрапіла ў такую сітуацыю, і спытала Офіс Святланы Ціханоўскай, чым ён можа дапамагчы і што робіць у гэтай сітуацыі.
Перадгісторыя
55-гадовая Наталля да 2022 года каталася паміж Беларуссю і Украінай па працы — яна ІТ-рэкрутэр. Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання яна некалькі месяцаў жыла ў Закарпацці, а потым — з'ехала ў Партугалію. Там яна онлайн падалася на часовую абарону і атрымала яе ў той жа дзень.
[Часовая абарона з'яўляецца больш хуткім і простым варыянтам, які дае неадкладны доступ да правоў на пражыванне, працу, медыцынскае абслугоўванне і адукацыю. Не блытаць з міжнароднай абаронай — больш працяглай працэдурай, якая разглядаецца ў рамках стандартных працэдур прадастаўлення прытулку, якія могуць быць больш складанымі і працяглымі. — Еўрарадыё]
— 3 з лішнім гады я жыла па гэтым дакуменце ў Партугаліі. Беларускі пашпарт скончыўся яшчэ ў красавіку 2024 года. Тады ж мне адмовілі ў пашпарце замежніка, паколькі ў мяне не было ВНЖ.
У прыватнасці, па словах Наталлі, яна больш за 10 гадоў была валанцёркай дабрачыннага ўкраінскага фонду, збірала гуманітарную дапамогу і медабсталяванне ў бальніцы Украіны. А яшчэ ўдзельнічала ў пратэстах 2020 года ў Мінску, а таксама ў мітынгах у падтрымку беларускай апазіцыі ў Лісабоне.
Што кажа Офіс Святланы Ціханоўскай?
Тое, што беларусы Партугаліі і праўда сутыкаюцца з няпростымі выклікамі, пацвярджае і дарадца Святланы Ціханоўскай у справах дыпламатыі Дзяніс Кучынскі.
— Сітуацыя сапраўды няпростая, паколькі ў апошнія месяцы шэраг беларусаў сутыкнуўся з адменай часовай абароны. Акрамя таго, беларусы сутыкаюцца з цяжкасцямі пры атрыманні або падаўжэнні "пашпартоў замежніка", неабходных для законнага знаходжання і паездак. Часта гэтыя дакументы выдаюцца на занадта кароткі тэрмін або наогул не прымаюцца для падаўжэння віду на жыхарства. Таксама ўзнікаюць праблемы з прызнаннем дакументаў, выдадзеных у Беларусі — даведак аб несудзімасці, пасведчанняў аб шлюбе або нараджэнні.
Асаблівая праблема — дзеці, народжаныя ў Партугаліі ў сем'ях беларусаў. Яны часта застаюцца без дакументаў, бо бацькі не могуць звярнуцца ў беларускія ўстановы.
На гэтым тыдні Офіс Святланы Ціханоўскай накіраваў афіцыйны ліст міністру замежных спраў Партугаліі.
— Мы прапанавалі захаваць часовую абарону для беларусаў, забяспечыць выдачу "пашпартоў замежніка" і іх прызнанне для падаўжэння віду на жыхарства, прымаць пастаянныя дакументы без патрабавання апастыля, а таксама абараніць правы дзяцей, народжаных у Партугаліі.
Мы будзем рабіць усё магчымае, каб дапамагчы беларусам і беларускам, якія жывуць у Партугаліі.
Мы шчыра ўдзячныя партугальскім уладам за падтрымку беларусаў і спадзяемся, што гэтыя праблемы будуць вырашаныя ў духу справядлівасці, якой вядомая партугальская дэмакратыя.