Аўтары "Працэсаў" знялі шоў пра эмігрантаў, якія не могуць заняцца сэксам

Кадр з серыяла "Свінгеры"

Кадр з серыяла "Свінгеры" / Andrei Kashperski

Рэжысёр Андрэй Кашперскі і сцэнарыст Міхаіл Зуй у сярэдзіне лета знялі ў Варшаве пілот новага шоу — сітком "Свінгеры". У ім эмігранты беспаспяхова спрабуюць дамовіцца на сэкс-вечарыну, але кожны раз сутыкаюцца з новымі праблемамі. У здымачнай камандзе — запар беларускія акцёры.

Еўрарадыё распавядае, што вядома пра серыял і як ідуць справы з іншымі праектамі аўтараў: ютуб-каналам "ЧынЧынЧэнэл" і кароткаметражным фільмам жахаў "Суд мёртвых".

 

"Нешта максімальна антыпалітычнае і антысатырычнае"

Сумесная творчасць Андрэя Кашперскага і Міхаіла Зуя да апошняга часу выразна асацыявалася з палітычным гумарам.

Авторы “Процессов” сняли шоу про эмигрантов, которые не могут заняться сексом
Персанажы будучага серыяла "Свінгеры" / Andrei Kashperski

Дуэт кінематаграфістаў летам 2020 года запусціў ютуб-канал" ЧынЧынЧэнэл", у якім Зуй разам з калегам па Купалаўскім тэатры Дзмітрыем Есеневічам у вобразе беларускіх чыноўнікаў разыгрывалі пратэстоўцаў менчукоў. Пасля каманда стала здымаць іранічныя кліпы, камедыйныя міні-серыялы з удзелам выдуманых чыноўнікаў, якія высмейваюць беларускую рэальнасць.

Найбольшага поспеху яны дасягнулі з абсурдысцкім і змрочным серыялам "Працэсы", знятым на замову тэлеканала "Белсат", дзе ўжо проста высмейваўся беларускі рэжым: ад супрацоўнікаў КДБ да прапагандыстаў на тэлевізіі.  

На пяты год працы Кашперскі і Зуй вырашылі змяніць тэматычны вектар і знялі пілот "Свінгераў" — камедыйны серыял пра беларускіх эмігрантаў, якія беспаспяхова спрабуюць дамовіцца на сэкс.

Ідэя праекта прыйшла аўтарам яшчэ ў Мінску, да эміграцыі, у працэсе распрацоўкі нерэалізаванага з-за распачатай вайны ва Украіне серыяла "Тут быў Ленін" і прапрацоўкі канцэпцыі "Працэсаў".

Авторы “Процессов” сняли шоу про эмигрантов, которые не могут заняться сексом
На здымачнай пляцоўцы "Свінгераў". Варшава, лета 2025 года / Andrei Kashperski

“Нам хацелася б зрабіць нешта іншае. Серыял, які б адрозніваўся ад "Працэсаў", "ЧынЧынаў ў мундзірах", хорару "Суд мёртвых". Нешта максімальна антыпалітычнае і антысатырычнае, якое распавядае гісторыю звычайных людзей", — распавядае Кашперскі.

Гэтых "простых людзей" граюць беларускія акцёры: Максім Шышко, Вольга Калакольцава, Валянціна Гарцуева, Кацярына Жалудок, Аляксандр Церахаў і інш.

Кінематаграфісты падумалі, што можна зрабіць камедыйны серыял у стылістыцы анты-"Сяброў". Галоўнымі аб'ектамі натхнення Кашперскі называе брытанскія серыялы "Дрэнь" і "Сямейны шлюб". У апошнім героі кожны сезон вырашаюць сітуацыю — разводзіцца паміж сабой ці не, перад паходам да сямейнага псіхолага.

"Гэта пра шасцярых малазнаёмых людзей у крызісе сярэдняга ўзросту, якія ўсё ніяк не могуць дамовіцца на свінгерства [абмен сэксуальнымі партнёрамі, — Еўрарадыё].

Авторы “Процессов” сняли шоу про эмигрантов, которые не могут заняться сексом
Чарнавы постэр серыяла "Свінгеры" / Andrei Kashperski

Але кожны раз у іх нешта не атрымліваецца — хтосьці забыўся пра запіс да зубнога, трэба забраць сына з садка, у кагосьці баляць суставы з-за перамены надвор'я. Мы неяк закінулі гэтую ідэю на сметнік адходаў нашай творчай жыццядзейнасці і праз пяць гадоў вырашылі ўвасобіць яе ў жыццё".

На працягу ліпеня быў зняты пілотны эпізод, грошы на які даў мецэнат, які пажадаў застацца ананімным.

"Пасля здымак кароткаметражкі "Суд мёртвых", мы пачалі размаўляць з разнастайнымі няпрофільнымі інвестарамі са сферы АйЦі і шырэй — беларускага бізнэсу. Яны ніяк не звязаныя з кіно, але маюць сантымент да беларускай культуры.

Мы паказвалі ім "Суд мёртвых" і аднаму з іх фільм спадабаўся, але ён не захацеў падтрымліваць нешта такое сатырычнае або палітычнае. Таму вырашылі з яго дапамогай зрабіць пілотны эпізод "Свінгераў", бо канцэпцыя вельмі яго рассмяшыла".

Зараз аўтары шукаюць партнёраў: патэнцыйныя платформы, прадзюсараў для стварэння паўнавартаснага сезону, які плануецца з 10 серый па 10-15 хвілін кожная.

Авторы “Процессов” сняли шоу про эмигрантов, которые не могут заняться сексом
На здымачнай пляцоўцы серыяла "Свінгеры". Варшава, лета 2025 года / Andrei Kashperski

"Думаем хутка зрабіць прэм'еру на фестывалі, пакуль што на этапе постпродакшэна.

Але калі ў нас не атрымаецца развіць гэтую ідэю да паўнавартаснага серыяла, як мы першапачаткова планавалі, то ў нас на руках застанецца 17-хвілінная кароткаметражка, якую мы захочам паказаць на розных фестывалях або зладзім паказ у Варшаве", — абяцае рэжысёр. 
 

А што з “Судом мёртвых"?

Не забываюць аўтары і пра кароткаметражны хорар "Суд мёртвых", зняты восенню мінулага года. У ім гаворка ідзе пра суддзю, якую вырашылі пакараць несправядліва асуджаныя беларусы, якія паўсталі з мёртвых.

Фільм падарожнічае па замежных фестывалях, а аўтары шукаюць грошы, каб яго ператварыць у поўнаметражную карціну

"Мы падалі "Суд мёртвых" на прыблізна 30 фестываляў, з якіх нам 23 адмовілі, а 7 прынялі нашу заяўку.

Авторы “Процессов” сняли шоу про эмигрантов, которые не могут заняться сексом
Кадр з фільма "Суд мёртвых" / Andrei Kashperski

Адзін з іх — у Барселоне, другі ў Мексіцы — "Макабр". Таксама нас адабралі на адзін з італьянскіх фестываляў кароткаметражнага кіно. <...> Аб любых паказах фільма я буду паведамляць у сябе ў Instagram. Магчыма, мы зладзім сумесны паказ і "Свінгераў", і "Суда мёртвых". І тое, і другое выглядаюць як тізер таго, што мы хочам зняць у выніку ў выглядзе серыяла і поўнаметражнага фільма", — дзеліцца аўтар.

У канцы ён прызнаўся аб жаданні паспрабаваць сябе ў міжнародных праектах.

"Мы паралельна распрацоўваем сцэнары праектаў для еўрапейскай аўдыторыі: для Польшчы і больш шырокай еўрапейскай аўдыторыі. За верасень мы з Мішам напісалі два поўнаметражныя сцэнары — дапісалі новы драфт "Суда мёртвых" і скончылі першы драфт польскага праекта. Пакуль рана пра гэта казаць, калі навіны з'явяцца, то я абавязкова паведамлю", — падсумаваў суразмоўца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.