Аўстрыя адмаўляецца ад амбасадаў у краінах Балтыі на карысць Беларусі
Вена вырашыла сэканоміць 34 млн еўра, але пры гэтым лічыць, што мусіць прысутнічаць у "стратэгічна важным месцы" — у Беларусі.
Міністэрства замежных спраў Аўстрыі аб'явіла пра свае планы да 2018 года закрыць амбасады ў краінах Балтыі і на Мальце. Там застануцца толькі консульствы. Мяркуецца, што гэта дазволіць сэканоміць 34 млн еўра.
У той жа час, як інфармуе Delfi, міністр замежных спраў Аўстрыі Себасцьян Курц заявіў, што новыя дыпламатычныя прадстаўніцтвы яго краіны з'явяцца ў "стратэгічна важных месцах" — Беларусі, Малдове і Грузіі.
"Мы факусуемся на дзяржавах, у якіх асабліва напружаныя адносіны з Расіяй", — сказаў Курц, маючы на ўвазе найперш Грузію. Ён нагадаў, што краіны Балтыі ўжо даўно прадстаўленыя ў Еўрасаюзе і NATO.
Фота: АР