Асуджаныя расіяне, якія забілі беларуску і ўтапілі яе ў машыне

Асуджаныя расіяне, якія забілі беларуску і ўтапілі яе ў машыне

У расійскім горадзе Уладзімір асуджаныя забойцы 42-гадовай беларускі. Адзін мужчына атрымаў 18 гадоў зняволення, іншы — 21 год. Як інфармуе сайт provladimir.ru, жанчына прыехала ў Расію на дзелавую сустрэчу. Па версіі следства, у вольны час яна завітала да сваёй сяброўкі юнацтва. Апошняя вырашыла скарыстацца сітуацыяй і разлічыцца са сваім знаёмым, якому завінавацілася з улікам працэнтаў 500 тысяч расійскіх рублёў (каля 9 тысяч долараў). Зламысніца прапанавала мужчыне забіць беларуску і забраць у яе грошы.

Згаданы мясцовы жыхар знайшоў сабе памочніка. Адзін з іх перарэзаў тармазны шланг у аўтамабілі беларускі. Яе сяброўка прапанавала “знаёмага аўтамеханіка”. Мужчына перагнаў машыну ў гараж, дзе іншы зламыснік ударыў беларуску драўляным брусам па галаве, а пасля задушыў яе дротам. У забітай забралі амаль 25 тысяч долараў, а таксама пральную машыну — падарунак расійскай сяброўкі. Пасля гэтага цела жанчыны паклалі ў яе аўтамабіль, які ўтапілі ў кар’еры. Схаваць сляды злачынства мужчынам дапамог іх знаёмы.

Толькі адзін з мужчын цалкам прызнаў сваю віну, таму і атрымаў меншы тэрмін. У якасці кампенсацыі маральных стратаў яны мусяць выплаціць сваякам загінулай 2 млн расійскіх рублёў (амаль 36 тысяч долараў). Жанчына, якая нібыта дала наводку, пазбегла пакарання — у судзе не было доказаў яе віны. Пазбег пакарання і мужчына, які дапамог утапіць легкавік.